Невядомая спадчына
Беларускія палацы і сядзібы, пра якія варта ведаць
Ці ёсць чым ганарыцца беларусам на сваёй зямлі? Будынкі з гэтага артыкулы даказваюць, што так: гісторыя і культура Беларусі цікавая і разнастайная. Усе згаданыя палацы і сядзібы яднае то, што іх можна адрэстаўраваць і даць ім новае жыццё, няхай цяпер яны ў дрэнным стане. І чым больш беларусы ведаюць пра іх, тым больш у сядзіб шанцаў на аднаўленне.
Палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі
Сярод вясковага краявіду, лясоў ды вадасховішча, у вёсцы Жамыслаўль знаходзіцца адзін з самых шыкоўных палацаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ідэя пабудаваць палац належала Юзэфе Умястоўскай. Яна хацела зрабіць копію варшаўскага палацу ў Лазёнках, дзе калісьці жыў апошні кароль Рэчы Паспалітай.

Галоўны будынак выкананы ў стылі неакласіцызм. Будова пачалася ў пачатку XIX стагоддзя, але самыя прыгожыя дэталі дадаліся ў 1877 годзе. Акрамя галоўнай часткі, у палацавы комплекс уваходзяць гаспадарчыя будынкі: свіран, лядоўня і флігель. На шасце, яны не былі знішчаныя і стаяць у Жамыслаўлі і дагэтуль.

Аднак пасля 1877 года для палаца Умастоўскіх пачаўся перыяд заняпаду. Месца, якое раней збірала відных дзеячаў культуры і палітыкі з усіх зямель былой Рэчы Паспалітай, паступова спусцела.

Падчас Першай сусветнай вайны палац быў захоплены і разграблены немцамі. Умястоўскія не мелі магчымасці адрамантаваць палац і аднавіць дарагія інтэр'еры, таму будынак аддалі Віленскаму ўніверсітэту.

У савецкія часы ідэолаг забаранілі ўпрыгожваць будынак карцінамі ды скульптурамі. У палацы змясцілі бібліятэку, клуб і саўгас, што, вядома, не ішло на карысць будынку, але хаця б засцерагала ад заняпаду.

Апошнім ударам для палаца стаў 2013 год, калі ў пажары была знішчаная вялікая частка фасада. Палац некалькі разоў выстаўлялі на продаж, было прапанавана некалькі планаў аднаўлення, але ніякай працы ў гэтым кірунку не ідзе.


Палац Плятэраў у Вопсе
На самай мяжы з Літвой і Латвіяй, недалёка ад цуду Беларускай прыроды Браслаўскіх азёр, на беразе возера Вопса графам Феліксам Плятэрам быў пабудаваны палац, які стаў галоўнай культурнай спадчынай аднайменнай вёскі.

Галоўны будынак адносна малады: ён быў пабудаваны ў 1903-1904 годзе ў неакласічным стылі. Архітэктура яго незвычайнай: ад сіметрычнага аднапавярховага будынку ў абодва бакі ідуць двухпавярховыя крылы. Акрамя яго ад палаца Плятэраў застаўся флігель, парк са старымі дрэвамі і спуск да вады.

У 1922-м граф быў вымушаны прадаць свой маёнтак савецкай уладзе. Новыя ўладары перабудавалі палац у школу.

Цяпер палац Плятэраў стаіць закінуты: парк зарос, а да возера амаль не падысці. У 2012 годзе будынак выкупілі, але праект перабудовы і надання яму новага жыцця так і не быў рэалізаваны.

Сядзіба Халецкіх у Хальчы
За 20 кіламетраў ад Гомля, на самым беразе Сожа стаіць Палац Халецкіх. Двухпавярховы будынак у стылі класіцызм пачалі будаваць каля XVI-XVIII стагоддзя, а скончылі ў пачатку XIX. Праз недахоп сродкаў частка будынку была зроблена з дрэва і пафарбавана пад камень. Гістарычна сядзібу атачалі свірны, канюшні і дамы для слуг, але нішто з гэтага не дажыло да сучаснасці.

Сядзіба часта мяняла гаспадароў. Як правіла, адбывалася гэта праз палітычныя канфлікты з урадам: у 1812 уладары сядзібы Халецкіх падтрымалі Напалеона, а падчас паўстання Каліноўскага – рэвалюцыянераў. Абодва разы маёнтак быў адабраны ў пакаранне і аддадзены іншаму роду. А пры савецкай уладзе будынак пераходзіў ад ведамства да ведамства і паспеў паслужыць бібліятэкай, музеям і нават клубам.

Войны не знішчылі сядзібу Халецкіх, але нельга сказаць, што час быў да яе літасцівы. Цяпер галоўны будынак праходзіць доўгую, марудную і дрэнна фінансаваную рэстаўрацыю.
Палац Вірыонаў у Лішках
За 10 кіламетраў ад польскай мяжы стаіць закінутая сядзіба заможнага французскага роду дэ Вірыонаў. Сучасны цагляны будынак з белай тынкоўкай – ужо трэцяе перараджэнне маёнтку, які не раз пакутаваў ад пажараў.

Юзэф дэ Вірыон купіў гэтую сядзібу ўжо ў выдатным стане: з карчмой, свірнамі, млынам і фабрыкай. Трэба было толькі аднавіць галоўны будынак. Да ўжо існага драўлянага будынку прыладзілі двухпавярховую асноўную частку і вежу. Гэтая вежа – візітная картка палацу, якая адразу чапляе ўвагу гасцёх Лішак. Яна высіцца над асноўнай пабудовай усяго на адзін паверх, і вядзе да яго вінтавая лесвіца, якой ужо, на жаль, нельга карыстацца.

Падчас першай сусветнай вайны сядзібу цалкам разграбілі, а суседнія будынкі спалілі. Аднак патомак Юзэфа, Ежы дэ Вірыон, аднавіў палац у 1923-м. Далейшая гісторыя сядзібы тыповая для для тых часоў: у 1939 годзе будынак быў нацыяналізаваны, а пасля перададзены пад школу і лагер.

Нягледзячы на дрэнны стан, раней будынак быў дасяжны для турыстаў. Аднак праз мігранцкі крызіс 2021 года вокны палаца закрылі блокамі, і трапіць унутр ужо немагчыма.
Палац Талстых у Грудзінаўцы
Падчас Першай сусветнай вайны Магілёўская вобласць была стаўкай галоўнага камандавання. Не дзіва, што шмат відных і багатых дзеячаў краіны эмігравалі да Магілёўшчыны, дзе арандавалі сядзібы і палацы. Адна з такіх сядзібаў належала графу Талстому ў Грудзінаўцы: палац у неакласічным стылі, пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя.

Палац – двухпавярховы невялікі і акуратны будынак з аднапавярховымі крыламі з двух бакоў. Самую цікавую частку варта шукаць на даху: з двухпавярховай тэрасы палаца адкрываецца шыкоўны краявід.

Сад – яшчэ адна перлінка палацу. Род Талстых мог дазволіць сабе калекцыю рэдкіх і дарагіх прывазных раслін і сад у англійскім стылі. Адно двухсотгадовае дрэва і дагэтуль высіцца ў самым сэрцы сада.

У савецкія часы будынак быў шпіталем, школай, рэабілітацыйнай установай. Цяпер палац закінуты і закрыты для наведвання. Ніякія працы там не ладзяцца і за садам ніхто не даглядае. Пакрысе сядзіба ў Грудзінаўцах ператвараецца ў дзікі лес, і з кожным годам усё складаней пабачыць у будынку яго былую красу.
13:50 / 21 снежня 2022 /Студэнцкая думка