«Аднойчы да нас падышла пара пенсіянераў з Нямеччыны – апынулася, яны добра ведаюць гісторыю Марыі Калеснікавай».
«СТУДЭНЦКАЯ ПРЫСУТНАСЦЬ» З УРОЦЛАВА І ІХ #ЗАКЛІК
Бадай што самым папулярным напрамкам для паступлення за мяжу сярод моладзі Беларусі з'яўляцца Польшча. Варшава, Кракаў, Познань, Лодзь, Уроцлаў… Ва ўсіх гэтых гарадах вучыцца безліч беларусаў і беларусак. Некаторыя з іх ствараюць свае чацікі, аб'яднанні, каб адаптавацца і падтрымліваць сувязь з беларусамі. Адным з такіх аб'яднанняў і з'яўляецца «Студэнцкая прысутнасць». Гэта не толькі суполка для падтрымкі сувязі паміж беларускімі студэнтамі Уроцлава, а яшчэ і арганізацыя з пэўнымі мэтамі. Напрыклад, нядаўна яны абвесцілі старт кампаніі #заклік і пікетуюць ужо амаль месяц. Пра тое, навошта ім справаздачнасць ад Офісу Святланы Ціханоўскай і што адказаў на іх ліст Зянон Пазняк, далей у артыкуле➡️
— Кожны дзень беларуская моладзь Уроцлава пікетуе. Колькі чалавек звычайна ўдзельнічае ў пікеце, і як часта звычайныя мінакі звяртаюць ўвагу на вас? Што яны пытаюць?
— Тры тыдні таму студэнты Уроцлава і прыхільнікі ініцыятывы «Студэнцкая прысутнасць» абвесцілі старт кампаніі #заклік і выслалі дакумент-патрабаванне да шырокага кола палітычных актараў дэмакратычных сіл Беларусі. З таго самага дня мы яны вырашылі штовечар збірацца ў цэнтры Уроцлава, каб прыцягнуць увагу беларускай супольнасці і дамагчыся, каб па кожным з трох пунктаў дакументу былі дадзеныя публічныя адказы.
Наш #заклік складаецца з наступных патрабаванняў:
  1. Для нас, моладзі, ясна, што вораг у беларусаў адзін, таму, калі мы хочам яго перамагчы, патрэбна дзейнічаць адзіным фронтам.

  2. Патрэбна, каб лідары дэмакратычных сіл тэрмінова селі за стол перамоваў і стварылі мемарандум, дзе акрэслілі б супольныя мэты, каштоўнасці, прынцыпы супрацы, а таксама пункты, па якіх на дадзены момант няма згоды, але гэтыя пытанні будуць вырашацца ўжо пасля пачатку рэальных перамен у Беларусі. Мы разумеем, што кожны актар можа мець нейкія прэтэнзіі да сваіх апанентаў, але мы хочам, каб гэтыя прэтэнзіі былі зафіксаваныя на паперы і адкладзеныя, каб лідары сканцэтраваліся на сумесных дзеяннях па яднанню беларусаў, а не іх палярызаванню.

  3. Таксама мы чакаем ад іх падрабязную фінансавую справаздачу за ўсе выкарыстаныя сродкі ад траўня 2020.
«Студэнцкая прысутнасць» падчас пікета
- Звычайна, у пікетах удзельнічае ад 2 да 7 чалавек. Але ўвагі мы да сябе прыцягваем шмат. Стараемся штодня маляваць новыя плакаты і выходзіць з вялікім банерам. Людзі спыняюцца, запытваюцца, што адбываецца. Мы ім распавядаем пра цяперашні стан рэчаў у дэмсілах Беларусі, у адказ на што заўсёды чуем словы падтрымкі. Шмат хто нас фатаграфуе, часам могуць чымсьці і пачаставаць.
Аднойчы да нас падыйшла пара пенсіянераў з Нямеччыны і таксама спытала, адкуль мы і чаму тут сабраліся. Цягам размовы мы даведаліся, што яны са Штутгарту і добра ведаюць гісторыю Марыі Калеснікавай, якая там пражыла 12 гадоў. Такія моманты сапраўды натхняюць і даюць сіл працягваць наша змаганне.
– Вы заявілі, што ўсталявалі кантакты з Офісам СЦ і Зянонам Пазняком. Ці чакаць нам нейкіх вашых сумесных праектаў, заяў? Што ўрэшце рэшт яны вам адказалі?
На дадзены момант нам адказалі 4 палітычныя сілы. Першым быў Форум дэмакратычных сіл, дзе лідарам з'яўляецца Валерый Цапкала. Адказ нас не задаволіў, бо ў ім сказана, што нібыта Форум і так выканаў нашы патрабаванні, а пра фінансы будзе ў канцы года. Байпол проста пацвердзіў, што атрымаў наш ліст і падрыхтуе адказ. Зянон Пазняк адказаў праз 2 тыдні і параіў нам не марнаваць часу і ствараць суполкі "Вольная Беларусь" (заўвага рэд.: «В.Б.» - праграма Зянона Станіслававіча, што «адлюстроўвае тыя крокі, якія неабходна рабіць у пераходны пэрыяд пасьля зьмены рэжыму») Офіс Святланы Ціханоўскай у сваім адказе зрабіў вялікую справаздачу, дзе былі моманты, датычныя нашых патрабаванняў. Але ўсё гэта не тое. Бо мы вышлі з патрабаваннем не распавесці, што дэмакратычныя сілы робяць, на іх погляд, добрага для Беларусі, а з патрабаваннем публічна абвесціць, што інтарэсы беларускага народа для іх на першым месцы, што яны гатовыя далучыцца да стварэння мемарандума аб еднасці і кааліцыйнасці і таксама пералічыць, як і калі будзе фінансавая справаздача па выдатках на іх дзейнасць. Мы моцна чакаем такія публічныя заявы ад іх. На асабістай пятнічнай размове са спадарыняй Святланай наш прадстаўнік гэта ўсё падкрэсліваў.
— Адным з вашых патрабаванняў з'яўляцца падпісанне ўсімі дэмакратычнымі сіламі агульнага Мемарандума аб адзінстве і кааліцыйнасці. Не так даўно вынікам канферэнцыі Дэмсіл Беларусі быў створаны пераходны кабінет. У чым яго прынцыповае адрозненне ад таго аб'яднання, якога патрабуеце вы?
— Мы патрабуем, каб быў створаны дакумент з як мага шырэйшым колам дэмакратычных сілаў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца інтарэсамі беларусаў як нацыі і ў якім, сярод іншага, будзе прапісана аб механізмах супрацы, прыняцце нейкіх агульных рашэнняў, механізмах абмеркавання пытанняў і г.д. Толькі дзякуючы такому дакументу мы атрымаем хоць нейкую яснасць, што цяпер усе лідары сапраўды аб'ядналіся ў барацьбе з таталітарным рэжымам. Мы моцна верым у перамогу Украіны ў вайне з Расіяй і таму хочам, каб да таго моманту ўсімі дэмакратычнымі сіламі быў падрыхтаваны сумесны план дзеянняў, каб не было нейкай разрозненасці ў тым, што нам кажуць рабіць. Таму ўсё гэта павінна спачатку добра абмяркоўвацца ўнутры, з выслухваннем крытыкі і парадаў, а потым, у адпаведнасці з тымі механізмамі, што будуць прапісаныя, павінна прымацца нейкае рашэнне, якое будзе паважацца і выконвацца.

Цяперашні пераходны кабінет нічога істотна не змяніў. Кабінет быў створаны і так з лаяльных адно да аднаго асобаў. А ў процівагу гэтаму мы назіраем, што іншыя палітычныя актары пачалі выступаць да такога роду аб'яднання з яшчэ большай крытыкай.
– Чаму публічная справаздачнасць дэмсілаў для вас мае прынцыповае значэнне?
– Патрэбна разумець, што ў Новай Беларусі за кожную атрыманую і выдаткаваную суму прыйдзецца справаздачвацца і несці адказнасць. Мы патрабуем, каб гэтыя практыкі зараджаліся ўжо зараз. Людзі маюць больш даверу да тых палітыкаў, якія ўсё робяць празрыста і шчыра распавядаюць пра крыніцы фінансавання.
— Як даўно існуе «Студэнцкая прысутнасць» і якія актыўнасці вамі ладзяцца?
— Раней мы існавалі пад іншай назвай як невялікая ініцыятыва, якая таксама ставіла мэту яднаць беларускае студэнцтва ва Уроцлаве. Існаваў звычайны чат у тэлеграме, дзе публікаваліся абвесткі з прапановамі сабрацца пагуляць у настолкі ці з'ездзіць на экскурсію ў суседні горад. З часам пачаў фармавацца актыў, які, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, надаў новы імпульс і разуменне гэтай супольнасці. Мы пачалі вялікую рэарганізацыю, вызначыліся з мэтамі і кірункамі дзейнасці, правялі рэбрэндынг і сталі называцца «Студэнцкай Прысутнасцю».

Самае важнае для нас – яднаць студэнтаў і моладзь Уроцлава. І робім мы гэта самымі рознымі метадамі: ладзім кінапрагляды, сустракаемся па выходным за куфалем студэнцкага піва і размовах пра жыццё, ладзім пікнік ці едзем у велавандроўкі. Вядзем свой канал у тэлеграме, дзе спрабуем прыцягваць з дапамогай забаўляльнага, адукацыйнага і інфармацыйнага кантэнта. Плануем фармаваць невялічкія суполкі беларускіх студэнтаў у розных універсітэтах, дзе будзем не толькі знаёміцца і дапамагаць адно адному, але і весці навуковую дзейнасць. У нашых планах атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю і стаць афіцыйным аб'яднаннем, на што мы зараз прыкладаем шмат высілкаў. Адукацыйных праграм таксама можна чакаць, ды і яшчэ шмат чаго.

Набярэжная Уроцлава
– Ці ўвогуле шмат беларускіх студэнтаў ва Уроцлаве?

Нажаль, мы не маем інфармацыі пра дакладную колькасць беларускіх студэнтаў у горадзе, але прыкладная колькасць студэнтаў можа быць ад 400 да 600 асобаў.

– Як можна ўвайсці ў шэраг вашай арганізацыі?

Можна падпісацца на наш тэлеграм канал, можна далучыцца да агульнага чату, а можна і запоўніць анкету на ўступленне ў больш блізкае кам'юніці, калі ёсць прагненне і ідэі дапамагаць і развіваць «СП». Мы цэнім патэнцыял кожнага, таму распрацавалі нават ментарскую праграму па інтэграцыі новенькіх і дапамагаем ім, каб тыя ідэі, з якім чалавек далучаецца, былі рэалізаваныя.

Больш інфармацыі пра дзейнасць СП можна знайсці ў іх Instagram і Тэлеграме.

13:40 / 20 верасня 2022 / Студэнцкая Думка