Хто мы і навошта тут? Мы студэнты й студэнткі альбо нядаўна скончылі вучыцца. Мы – частка беларускай адукацыйнай прасторы, і нам баліць за яе якасць.

"Студэнцкая Думка" – гэта не проста студэнцкае медыя. Гэта інфармацыйная прастора, дзе мы агучваем праблемы, абмяркоўваем іх і салідарызуемся.
Якія нашыя мэты?
– асвятляць праблемы студэнцтва ў Беларусі
– сачыць за дзейнасцю ВНУ, выкананнем правоў студэнтаў, агульнай сітуацыяй у вышэйшай адукацыі
– выступаць пляцоўкай для вольнага выказвання і самавыяўлення студэтаў і студэнтак
– паказаць, што студэнты Беларусі – гэта таленавітыя, актыўныя і неабыякавыя людзі
– стварыць кам'юніці моцных маладых журналістаў і журналістак

Пра што мы пішам?
Пра ўсё, што кранае і датычыцца студэнтаў Беларусі. Пра якасць адукацыі, адсутнасць акадэмічных і палітічных свабод ва ўніверсітэтах. Пра ўсё, што нас хвалюе, смешыць, злуе і радуе. Тут вы знойдзеце кантэнт ад прусакоў у інтэрнатах да сэксуальнай адукацыі моладзі.

СД - гэта пра самавыяўленне, свабоду, адукацыю, пра апантанасць маладосцю. Гэта прастора, дзе мы дзелімся, абмяркоўваем і салідарызуемся. Мы паважаем гісторыю сусветнага студэнцкага руху. Мы верым у тое, што ўніверсітэт - гэта не орган падрыхтоўкі кадраў, а студэнцтва – не шэрае пятно ў дэмаграфічным і палітычным складніку дзяржавы.

Якія каштоўнасці падзяляем?
  1. Падыход, заснаваны на правах чалавека.
  2. Каштоўнасці Балонскага працэсу і Еўрапейскай агульнаадукацыйнай прасторы.