«Я па сабе ведаю і здагадваюся, як хочацца дадому…»
Святлана Алексіевіч звярнулася да беларускай і ўкраінскай моладзі ў эміграцыі
Лаўрэтка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч звярнулася да беларускай і ўкраінскай моладзі, якія вымушаны былі пакінуць свой дом з-за рэпрэсій і вайны. Учоры на сустрэчы з чытачамі ў Каўнасе Святлана Аляксандраўна ўзгадала, як у верасні 2020-га года яна за адну ноч была вымушана сабраць свае рэчы і тэрмінова з'ехаць з Беларусі.
«Я па сабе ведаю і здагадваюся, як хочацца дадому. Галоўнае не дапусціць адчаю. Галоўнае, каб вось у гэтыя гады, калі мы тут сярод людзей, якія нас прынялі, мы захавалі сябе і не разбурылі: захавалі веру ў людзей, атрымалі добрую адукацыю, добрую прафесію. Мы павінны гэты час выкарыстоўваць, каб зрабіць сябе для новага жыцця ва Украіне і ў Беларусі. І заўсёды памятаць, што толькі любоў можа выратаваць, нянавісць нікога не выратоўвала. І калі я чую, што я не буду чытаць Чэхава, Таўстога, я разумею, што сёння хочацца гэта сказаць, але гэта няпраўда, бо мы будзем чытаць і Чэхава, і Талстога. Мы вернемся ў нармалёвы свет».
«Тое, што Лукашэнка робіць у турмах з нашымі лепшымі людзьмі - гэта мы ніколі не забудзем, гэтую гістарычную траўму. Я думаю, што мы павінны верыць у будучыню, яна даволі хутка будзе, усё-такі гэта 21 стагоддзе, усё-такі мы маем справы з сучасным тэхналагічным светам. У дыктатараў не так не шмат шанцаў. Проста яны выраслі ў культуры гвалту. Яны гуляюць па гэтых правілах і мы, на жаль, таксама гуляем па іх, але час працуе на нас. Таму я паўтару зараз, што трэба верыць у сябе і ў сваю будучыню. Гэта не словы, гэта тая матэрыяльнасць слоў, калі ты кажаш і верыш, і яно матэрыялізуецца» - адзначыла Нобелеўская лаўрэатка.
Таксама пісьменніца падзялілася сваімі разважаннямі аб беларусах і ўкраінцах, назваўшы беларусаў «народам, у якім вельмі шмат кахання». «Украінцы - гэта народ, які ўвабраў у сабе паветра свабоды ад прыгажосці сваёй зямлі і бясконцых гарызонтаў» - заўважыла Святлана Аляксандраўна. Яна сама нарадзілася ва Івана-Франкоўску і падчас сустрэчы ўзгадала сваю бабулю ўкраінку, а таксама беларускую вёску, ў якой вырасла і якая на яе моцна паўплывала.

Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Каўнасе 22 верасня 2022 года.
16:30 / 23 верасня 2022 / Студэнцкая думка