Ноч расстраляных паэтаў
Пра аўтараў, якія больш не напішуць свае вершы
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

Міхась Чарот
Гэта верш Міхася Чарота - выбітнага беларускага паэта, драматурга, празаіка. Гэты верш быў апошнім у ягоным жыцці - ён напісаў на сцяне менскай унутранай камеры НКУС 28 кастрычніка 1937 году. За дзень да растрэлу.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году забойцы з чырвонымі зоркамі растралялі больш за сотню беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў - эліту нацыі. Усе яны былі пахаваныя ва ўрочышчы Курапаты разам з дзясяткамі тысяч іншых ахвяраў сталінскага тэрору. Разам з гэтым 1 жніўня 1937 году, ва ўнутраным двары Менскай турмы НКУС БССР было спалена некалькі дзясяткаў тысячаў рукапісаў ненадрукаваных твораў тых дзеячаў, што не прайшлі цэнзуру.

Сёння, у дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, мы ўзгадваем тых, хто быў пакараны за сваю творчасць і здольнасць думаць. Бо яны жывыя, пакуль мы іх памятаем
Міхась Чарот ( Міхась Кудзелька)
7 ЛІСТАПАДА 1896-29 КАСТРЫЧНІКА 1937
Першы беларускі пралетарскі паэт, пісьменнік, удзельнік літаратурнага аб'яднання «Маладняк», «Полымя», чалец ЦВК БССР.

Аўтар п'есы «На Купалле», якая ставілася ў Беларускім драмтэатры і мела вялікі посьпех у Крамлі. Менавіта ў гэтай п'есе прагучала «Купалінка», якую ўжо лічаць народнай. Па ягонай аповесці «Свінапас» рэжысёр Юрый Тарыч зняў першы беларускі фільм «Лясная быль».

Быў арыштаваны 24 студзеня 1937 году ў Менску. Пасля нялюдскіх катаванняў асуджаны пазасудовым органам НКВД 28-га кастрычніка гэтага ж году як «удзельнік кантррэвалюцыйнай арганізацыі» на смяротнае пакаранне.
Тодар Кляшторны
11 сакавіка 1903 - 30 кастрычніка 1937
Яго называлі «беларускім Ясеніным» праз падабенства стыляў і настрою. Паэт, перакладчык, працаваў на радыё, у дзяржаўных часопісах і газэтах. Чалец літаратурных аб'яднанняў «Узвышша» , «Маладняк» і нефармальнай суполкі «ТАВІЗ» (Таварыства аматараў выпіць і закусіць).

Творы Кляшторнага перакладалі на літоўскую, рускую і украінскую мовы, некаторыя вершы былі пакладзеныя на музыку. Паэт дазваляў сабе адкрытыя выпады супраць сталінскай сістэмы. У паэме «Калі асядае муць» пісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ».

Арыштаваны 3-га лістапада 1936. Супрацоўнікі НКУС адмыслоўва спойвалі Кляшторнага, каб выбіць з яго паказанні. Праз год паэт быў расстраляны і пахаваны ў адной з бязыменных магіл у Курапатах.
Ізі Харык
17 сакавіка 1898 – 29 кастрычніка 1937
Беларуска-габрэйскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Сіяніст, які стаў камуністам, а потым загінуў ад катаў з чырвонымі зоркамі. Быў санітарам на грамадскай вайне. Чалец презыдыўму Саюзу пісьменнікаў СССР і БССР, а таксама главой габрэйскай секцыі Саюзу пісьменнікаў БССР.

11 верасня 1937 года быў арыштаваны, а 28 кастрычніка Ізі была прысуджана вышэйшая мера пакарання. Судовае паседжанне цягнулася 15 хвілін. Жонка Дзіна была арыштавана і саслана ў Сібір, а іх 2 сына трапілі ў дзіцячы дом. Дальнейшы лёс дзяцей Ізі і Дзіны невядомы.

Пісаў на ідзіш, кнігі выдаваў у Менску, Маскве, Кіеве і Харкаве. На беларускую ягоныя вершы перакладалі Броўка, Бураўкін, Куляшоў і іншыя, сам жа Ізі Харык на ідзіш пераствараў Чарота і Коласа. Пасля забойства паэта творы друкаваліся ў Менску і Маскве, адна з кніх пазней выйшла ў Нью-Ёрку. З усясьветна вядомых сьпевакоў паэзію Харыка выконвала Тамара Гвэрдцытэлі
Валеры Маракоў
27 сакавіка 1909 – 29 кастрычніка 1937
Улюбёны паэт Янкі Купалы і памочнік Міхася Чарота, перакладчык. Ягоныя вершы вучылі на памяць школьнікі і студэнты і прызнаваліся імі ў каханні. Чалец "Маладняка". Фактычна кіраваў часопісам "Чырвоная Беларусь". У сакавіку 1935 быў арыштаваны ворганамі Дзяржбяспекі, пасля 3 месяцаў, якія ён правёў ва ўнутраннай турме НКУС, вызвалены. Калі ў 1936 годзе Валерыя Маракова арыштавалі ізноў і катавалі, спрабуючы выбіць паказанні, то сьледчыя зьдзіўляліся яго нязломнасьці. Ён не прызнаў сябе вінаватым і нікога ня выдаў. Асуджаны як " член контрреволюционной национал-фашистской организации" да вышэйшай меры пакарання з кафіскацыяй маёмасці. Растраляны 29 кастрычніка 1937 у Пішчалаўскім замку. На момант забіцця Валеру было 28 гадоў.
Юлі Таўбін
15 верасня 1911- 30 кастрычніка 1937
Юлія Таўбіна некаторыя літкрытыкі параўноўвалі з Максімам Багдановічам. Габрэй па нацыянальнасці нарадзіўся ў Расеі, але ў 10 год сям'я пераехала ў Мсьціслаўль, дзе хлопчык і вывучыў беларускую мову. Чалец "Маладняка " і нефармальнага аб'яднання "ТАВІЗ". У 1933 студэнт 3 курсу педынстытуту арыштаваны і асуджаны да двух гадоў высылкі на Урал. У 1936 4 лістапада яго паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск. 29 кастрычніка 1937 Юлі Таўбін былі застрэлены ў двары турмы НКУС. Юлі Таўбіну было на той момант 26 гадоў.

Першая публікацыя паэта ўбачыла свет, калі Юлію было 15 гадоў. За 2 гады выйшла 5 ягоных кніг. Хлопец разам з сябрамі пісаў байкі і казкі для дзяцей. Перакладаў на беларускую Чэхава, Скрыпніка, Харыка, Гайнэ, О'Фаалейна. Паводле загаду № 33 усе кнігі Юлія Таўбіна павінны былі быць спаленыя. Праз некалькі дзён пасля растрэлу паэта ў Ленінградзе выйшла ягоная публікацыя.
Узгаданыя ў гэтым артыкуле людзі - адны з тых шматлікіх зорак, якія маглі б жыць, працаваць і ствараць у гонар нашай Радзімы. Памяць пра ахвяры сталінскага тэрору павінна жыць, а такая гісторыя — ніколі не паўтарацца. Мы сабралі для вас праекты, дзе вы можаце падрабязней даведацца пра гэтых і іншых аўтараў, якія больш не напішуць свае вершы.

https://dp.fly-uni.org/courses/ne-rasstralyanaya-p…
 — курс Лятучага ўніверсітэту, які складаецца з 17 заняткаў, дзе на кожным можна даведацца пра аднаго з беларускіх дзеячаў навукі і культуры, які загінуў у тыя часы. Пра кожнага чалавека можна паслухаць відэалекцыю, даведацца цікавыя факты з біяграфіі і прачытаць творы.

https://tuzinfm.by/nierasstralianyja/ — праект Сяргея Будкіна, дзе сабраны творы забітых аўтараў. На сайце нават можна знайсці старонкі паэтаў ў Фэйсбуку з  фотаздымкамі і успамінамі пра іх. Для гэтага праекту Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Кацярына Ваданосава і іншыя музыкі запісалі песні на вершы паэтаў.
22:00 / 21 кастрычніка 2021 / Студэнцкая думка
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.