21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі
Адкуль бярэцца і куды знікае статус палітвязня, дзе гэтая праблема гарыць, як у Беларусі, і хто са славутых людзей пабываў за кратамі за палітыку.
21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі
Гэтую дату Праваабарончы цэнтр «Вясна» абраў, каб ушанаваць памяць актывіста Вітольда Ашурка, які роўна год таму загінуў за кратамі шклоўскай калоніі № 17, адбываючы палітычна матываванае пакаранне. Гэта — не свята. Але з гэтай нагоды СД узялася патлумачыць, адкуль бярэцца і куды знікае статус палітвязня, дзе гэтае праблема гарыць, як у Беларусі, і хто са славутых людзей пабываў за кратамі за палітыку.
Што значыць быць палітвязнем?

Праваабарончы цэнтр «Вясна» лічыць палітычным зняволеным асобу, якая:
  • Была пазбаўленая волі праз палітычныя, рэлігійныя альбо іншыя перакананні.
  • Пацярпела за негвалтоўнае выказванне свабоды думкі, рэлігіі, меркавання і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый — правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.
  • Аказалася за кратамі таму, што негвалтоўна абараняла правы і асноўныя свабоды чалавека — была ў тым ці іншым сэнсе праваабаронцай, як, напрыклад, Марфа Рабкоўская.
  • Была затрыманая за тое, кім ёсць: за пол, расу, колер скуры, мову, веру, этнічнае, сацыяльнае ці радавое паходжанне, грамадзянства, сэксуальную арыентацыю, гендэрную ідэнтычнасць, маёмаснае становішча. Або наўпрост таму, што мела ўстойлівую сувязь з такой супольнасцю.
  • Была арыштаваная з палітычных матываў і да таго ж пазбаўленая права на справядлівы суд. Напрыклад, калі чалавека пазбавілі волі праз фальсіфікацыю доказаў яго віны або без доказаў увогуле, а ўмовы ці працягласць затрымання ніякім чынам неадэкватныя правапарушэнню: чалавек падпаліў "Табакерку", а атрымаў тэрмін як за забойства.
А хто такі вязень сумлення?

Гэта палітычны вязень, але прызнаны міжнародной праваабарончай арганізацыяй Amnesty International. Згодна з іх тэрміналогіяй, вязень сумлення:

  • У зняволенні за мірнае выказванне палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў.
  • Стаў ахвярай пераследу за сваю расавую прыналежнасць, сэксуальную арыентацыю, колер скуры.
  • Пацярпеў за спробу ажыццявіць свае правы.
  • Ніколі не заахвочаў да гвалту — але мог да сімвалічныых акцый пратэсту кшталту зняцця сцягоў.

Адзінае адрозненне — Amnesty International аўтаматычна не прызнае самаабарону як гвалт.

Як выглядае працэс прызнання палітвязнем?
1
Паваабаронцы дазнаюцца: ці быў палітычна матываваны пераслед. З гэтым ім дапамагаюць размовы з людзьмі, якія маюць дачыненне да справы, і публікацыі ў медыя.
2
Кааліцыя праваабаронцаў выракае, ці пападае кейс пад палітычнае зняволенне.
3
Падпадае? Тады праваабаронцы падпісваюць заяву аб прызнанні чалавека палітвязнем.
КОЛЬКІ ЧАСУ ЗОЙМЕ ГЭТЫ ПРАЦЭС, ПРАДКАЗАЦЬ НЕМАГЧЫМА: КОЖНЫ КЕЙС РАЗГЛЯДАЕЦЦА АСОБНА. КАБ ПАСКОРЫЦЬ ПАДЗЕІ, ЧАСАМ У АДНУ ЗАЯВУ ЎКЛЮЧАЮЦЬ НЕКАЛЬКІ ЧАЛАВЕК, ЧЫІ ВЫПАДКІ ПАДОБНЫЯ АЛЬБО АДНОСІЦЦА ДА АДНОЙ СПРАВЫ. ТАК БЫЛО, НАПРЫКЛАД, З ФІГУРАНТАМІ СПРАВЫ СТУДЭНТАЎ.
Сваякі саміх зняволеных (асабліва ў Беларусі) незаўсёды ўхваляюць высілкі праваабаронцаў, бо існуе меркаванне, нібы статус палітвязня пагаршае ўмовы за кратамі. Такую магчымасць кааліцыя канечне ўлічвае, перш чым зрабіць канчатковы вырак.
Хто не лічыцца палітвязнем?

З класічнага панятку палітвязня вынікае: той, хто ўжыў гвалт, не прызнаецца палітвязнем.

Аднак цяпер беларускія праваабаронцы пачалі разглядаць кожны такі выпадак у больш шырокім кантэксце. Напрыклад, гвалт як неабходная самаабарона тэарытычна можа спалучацца са статусам палітвязня, але гэта, бадай, адзінае выключэнне з правіла.
Навошта ўвогуле гэты статус?
Статус палітычнага вязня яшчэ раз падкрэслівае: чалавек быў абвінавачваны з палітычных матываваў, за імкненне да абароны сваіх правоў і свабод, а не за сапраўдные злачынства.

Да таго ж лік палітвязняў — важны інструмент, якім карыстаюцца праваабаронцы, каб прыцягваць увагу да парушэння правоў чалавека ў дзяржаве.
Знакамітыя палітвязні


Нэльсан Мандэла — экс-прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і праваабаронца, асужданы на пажыццёвае зняволенне за змаганне супраць апартэіду. Мандэла правёў за кратамі 27 год, а па вызваленні ў 1990-м стаў першым чарнаскурым прэзідэнтам ПАР. У 1993 годзе яму прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру.

Вацлаў Гавэл — чэшскі пісьменнік-дысідэнт, адзін з галоўных дзеячоў "аксамітнай рэвалюцыі" 1989 года, апошні прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэхіі. За сваю дзейнасць і стварэнне дысідэнцкай арганізацыі «Хартыя-77» быў асуджаны на 4,5 гады зняволення.

Лю Сяабо — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, кітайскі праваабаронца і літаратар . За ўдзел у акцыях пратэсту, што перераслі ў бойку на плошчы Цяньаньмэнь, атрымаў 5 гадоў у зняволенні. У 2009 годзе яму прысудзілі яшчэ 11 год за «захады да падрыву дзяржаўнага ладу», аднак гэты тэрмін Сяабо ўжо не адбыў: праваабаронца памёр у 2017 годзе.

Таксама сярод знакамітых палітвязняў можна знайсці Махатму Гандзі, Марціна-Лютэра Кінга, Андрэя Сахарава і Аун Сан Су Чжы.
Дзе больш за ўсё палітычных зняволенных?
Колькі палітзняволенных у свеце — сказаць амаль немагчыма, бо ў розных краін рознае стаўленне да таго, каго варта лічыць імі. Паводле Amnesty International, амаль кожная краіна хаця б аднойчы ў сваёй гісторыі затрымлівала палітвязняў.

Іншая праблема — каб факт наяўнасці палітычных вязняў заўважалі, трэба, каб у краіне працавалі праваабаронцы. Рэжымы, якія пераследуюць людзей з палітычных матываў, як правіла, стараюцца вынішчыць праваабарончыя арганізацыі.

Тым не менш можна назваць дзяржавы, якія насуперак усяму ўсё ж такі дамагліся славы лідараў па палітычных зняволеннях: гэта Беларусь, Туркменістан, Паўночная Карэя, Кітай, М'янма і Іран.
А што цяпер у Беларусі з «палітычнымі»?
На 20 траўня 2022 года агулам у Беларусі палітычнымі зняволеннымі прызнана
1204
чалавекі
(1,27 чалавек на кожныя 10 тысяч)

Сярод іх — самыя розныя людзі: блогеры, лекары, студэнты, бізнэсоўцы, праграмісты, прадпрымальнікі і працаўнікі. Большасць трапіла пад рэпрэсіі пасля пачатку прэзідэнцкай кампаніі да выбараў 2020-га. З іх 181 чалавек утрымліваюць у СІЗА №1 на Валадарскага ў Мінску.
Дзень палітвязня ў Беларусі — гэта нагода яшчэ раз узгадаць праблему палітычнага пераследу.

Мінімум, які можа зрабіць кожны, — аправіць палітвязню ліст або паштоўку. Для ніх гэта неацэнны сродак звязку са знешнім светам і крыніца інфармацыі. Тыя, хто жывуць за мяжой, могуць выйсці на акцыю падтрымкі — шукайце інфу ў мясцовых чатах. І гэта далёка не ўсё, што можна зрабіць, каб праблема палітычных зняволеных зрабіла яшчэ адзін крок у мінулае.
16:42 / 21 траўня 2022