Падтрымаць СД
Далучыцца да нас
ВАКАНСІІ
НАВІНЫ
Забараніць нельга дазволіць. Універы супраць Дня Волі
Беларускім студэнтам складана выходзіць на вуліцы: каб публічна казаць пра змены і патрабаваць іх, неабходныя смеласць і ў нейкім родзе адчай, выкліканы існуючай сістэмай. На практыцы за кожную такую «правіну» могуць адлічыць, паставіць палкі ў колы да канца навучання або рабіць дробныя «поскудзі».
Канцэрт у мінскім Кіеўскім Скверы. Фота: Яна Чарняўская
Рэдакцыя Deuche Welle паразмаўляла са студэнтамі-актывістамі і даведалася, як адміністрацыя ўніверсітэта сочыць за «ідэалагічным здароў'ем» і якія метады выкарыстоўвае на практыцы. А што з гэтым рабіць нам, мы і так ведаем.

Учора апазіцыйная Беларусь адзначала 101 гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — Дзень Волі. Самымі буйнымі пляцоўкамі сталі дазволеныя канцэрты ў Гродне 23 сакавіка і 24 сакавіка ў Менску.

Кожны год студэнты збіраюцца на мірныя мерапрыемствы, і кожны год адміністрацыя ВНУ таксама не адстае і рэгулярна ўсімі сіламі гэтаму актывізму перашкаджае. Няма забаронаў, звязаных з Днём Волі на дошках аб'яў у інтэрнатах і студэнцкіх корпусах, няма і на сайтах ВНУ, а вось у сацсетках і мэсэнджэрах, дзе кантраляваць людзей практычна немагчыма, студэнты шчыра кажуць аб прамых, завэлюмаваных і патаемных забаронах.

Цікава, што ўніверсітэцкае начальства або наогул ніяк не адказвае на пытанні прэсы, або абвяргае факт існавання забаронаў і саскоквае з нязручнай тэмы. Напрыклад, супрацоўнік прэс-службы БДУ, які адмовіўся прадставіцца, пракаментаваў гэтае пытанне так: «Ніхто нікому не забараняе ўдзельнічаць у мерапрыемствах. Не маю інфармацыі аб намерах студэнтаў удзельнічаць. Хочаце афіцыйны каментар — пішыце афіцыйны запыт, указвайце, адкуль у вас інфармацыя пра тое, што ў БДУ нешта забараняюць».
Угрозы от кураторов студентам
Па словах Сяргея Дубіны, студэнта БНТУ і актывіста «Задзіночання беларускіх студэнтаў», кіраўнікі ідэалагічных аддзелаў даюць старастам груп заданне сабраць у студэнтаў заявы на імя дэкана з просьбай вызваліць ад заняткаў з любой прычыны. Гэта можа быць дапамога бацькам у вёсцы і на лецішчы ці жаданне адвезці зімовыя рэчы дадому. Студэнты з радасцю пішуць такія заявы: хто ж не рады пары выходных дзён!

Сяргей распавядае, што самае цікавае пачынаецца ў гэты момант у студэнцкіх інтэрнатах. Кіраўніцтва складае спісы тых студэнтаў, хто не з'ехаў дадому перад Днём Волі, а 25 сакавіка зачыняе галоўны ўваход у інтэрнат і пакідае там дзяжурыць чалавека з добраахвотнай дружыны. Той, хто захоча выйсці на вуліцу, павінен будзе растлумачыць куды, навошта, а каторай гадзіне будзе і, акрамя таго, падпісаць паперу, што ён не будзе ўдзельнічаць у палітычных акцыях.

Студэнт МІПСА ананімна распавёў, што кіраўніцтва яго ВНУ кожны раз знаходзіць новыя падставы заняць студэнтаў на Дзень Волі. Напрыклад, у мінулым годзе зладзілі абавязковы суботнік з афарбоўкай плота.

Яшчэ адзін ананімны сведка ў МІПСА распавёў, што ў іх мала хто ходзіць на Дзень Волі, бо ўсе баяцца адлічэння. Там жа, ў МІПСА, ўжо другі год, як перад Днём Волі робяць у суботу выходны дзень для іншагародніх студэнтаў. Для таго, каб тыя «з'ездзілі дадому па дэмісезонныя рэчы», а ў гэтым годзе проста змянілі навучальны расклад — з яго зніклі заняткі ў суботу.

Былая студэнтка філфака БДУ, Аксана Грыгаровіч, якая сышла з ВНУ па сваім жаданні, дзеліцца, што ў БДУ настойліва «рэкамендуюць» не хадзіць побач з «асаблівымі вуліцамі», ўводзяць абавязковыя факультатывы, пагражаюць рэпрэсіямі, калі кагосьці здымуць на фота ці відэа на свяце або мітынгу .

Аксана падкрэслівае, што ў БДУ незразумела, ад каго ідуць такія забароны: «Настойлівыя рэкамендацыі рэтранслююць выкладчыкі, а калі разблытваць клубок, да каго ён у выніку прывядзе — ў дэканат ці яшчэ вышэй — няясна».
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут