«Перасесці з іглы штучных інтарэсаў на каштоўнасныя рэйкі»

Размаўляем з праваднікамі студэнцтва ў Беларусі
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Увага: вы можаце падумаць, што АСЛ — нейкі Форд Баярд для студэнтаў і студэнтак.

Акадэміі студэнцкага лідарства амаль 7 год, за гэты час каманда зрабіла 11 выпускаў - гэта каля 150 маладых лідараў і лідарак. Яны так ці інакш змяняюць Беларусь на розных узроўнях. Канешне, ёсць людзі, якія перагараюць і забіваюць, але застаюцца і актыўныя.

СД паразмаўляла з камандай Акадэміі студэнцкага лідарства пра праблемы сучаснага студэнцтва і моладзі і папрасіла Сашу, Машу і Яўгена прэпараваць маладзёнаў. Мы вылучылі галоўныя складнікі маладзёнаў. Рыхтуйцеся, будзе трошку жорстка.
З кім размаўляем?

Маша Колб — адміністратарка Акадэміі.

Саша Кузьміч — менеджарка праекта.

Яўген Міхасюк — галоўны трэнер.
Няма праваднікоў, каб зразумець парушэнні правоў
Актывісты могуць колькі заўгодна крычаць на студэнтаў з вышыні свайго вопыту: «Ну як вы не разумееце, што гэта парушэнне», але самі не бачаць, што патрэбны арыенціры, бэкграўнд і веды, каб жыць асэнсавана. Усвядоміць, што фарміруе студэнцкую рэчаіснаць, у якой студэнтам і студэнткам некамфортна жыць. Студэнцтва апраўдвае БРСМ і прафкам і не ведае, што вымушаць плаціць узносы і ўступаць — гэта парушэнне правоў.
Ідуць на праграмы лідарства маладзёны з актывісцкім бэкграўндам ці развітымі каштоўнасцямі
Саша Кузьміч параўноўвае Акадэмію студэнцкага лідарства з беларускаарыентаванай інтэлігентнай сям’ёй:

Акадэмія служыць правадніком, бо ты проста няўпэўнена рушыш і можаш ніколі не сутыкнуцца з крыніцамі адказу. Не заўжды тое, што ты адучаваеш як «что-то не так», ты можаш ідэнтыфікаваць. Калі ты адчуваеш, што ў тваім універсітэце вельмі мала свабоды, да цябе ставяцца як да школьніка/школьніцы, — гэта натуральна. І на ўнутраным узроўні гэта «что-не так» застаецца: ты паўналетні чалавек, табе па законе можна выходзіць замуж, набываць кватэру, а дэканат тэліць бацькам: «а вы ведаеце, што ваш сын/дачка прагулівае пары». Каб знайсці назву гэтым рэчам, трэба ўжо нешта разумець.
Фота Аня Клімовіч
Каб ацаніць каштоўнасць Акадэміі або іншых актывістскіх праграм, трэба разумець, што тут табе дадуць метафізічны рост, а не матэрыяльнае пасведчанне-пропуск-ва-ўсе-дзверы. Шмат хто са студэнцтва ўспрымае навучанне на такіх праграмах як дадатковую працу.
Аднак не заўсёды патрэбны актывісцкі бэкграўнд, кажа Саша:
Досвед не з’яўляецца вырашальным фактарам, таму што мы вельмі часта прымаем рашэнне на карысць людзей, якія толькі прыйшлі ва ўніверсітэт, яшчэ нічога не зрабілі, але прадэманстравалі разуменне таго, пра што мы кажам.
А матывуе застацца атмасфера «не як ва ўніверсітэце», упэўнена Маша:
Я адразу думаю пра першы курс. Калі маладзёны прыходзяць са школы, дзе яны былі ва ўтульнай атмасферцы, ва ўніверсітэт і разумеюць, што ўсё не так, як яны чакалі. А на Акадэміі, калі яны бачаць набор, адразу цікавяцца, бо гэта можа стаць новай пляцоўкай для іх актыўнасцей.
ТОП праблем студэнтаў - нізкая якасць адукацыі, дрэнныя інтэрнаты, брак часу

На першым семінары Акадэміі Саша Кузьміч вядзе блок, дзе студэнты і студэнткі называюць самыя балючыя праблемы ва ўніверсітэце. У апошнія наборы называюць гэта:

  • «прыходзім атрымліваць веды, а ў выніку пішам канспекты»;
  • «вывучаем прадметы, якія састарэлі»;
  • дрэнныя ўмовы пражывання ў інтэрнатах;
  • немагчыма ездзіць на вучобу за мяжу;
  • цяжка сумяшчаць з працай, іншымі адукацыйнымі праграмамі.
Саша Кузьміч:
Першае, што бачаць людзі, — гэта рэчы, дзе яны на асабістым узроўні адчуваюць праблемы. Калі табе выкладчык зачытвае метадычку, ты адчуваеш праблему. А калі парушаюцца правы студэнтаў, гэта ўспрымаецца як натуральная частка рэчаіснасці. І трэба валодаць пэўным узроўнем разумення гэтай рэчаіснасці, каб зразумець, што так не павінна быць.
Яўген Міхасюк:
Я на праграме з 2015 году. За 7 год я ўжо выслухаў столькі праблем, якія паўтараюцца і не мяняюцца. Мяне гэта амаль не кранае. Калі я чую гэтыя шэрагавыя праблемы, я думаю: «Ідзі і рабі». У мяне да гэтага працоўнае стаўленне: я бачу праблему, якую трэба вырашаць. Кранаюць асабістыя гісторыі: калі праз бюракратызм чыёсьці жыццё ламаюць ці абмяжоўваюць таленты. З апошняга ў Медах [Медыцынскіх універсітэтах — СД], дзе шмат студэнтаў і студэнтак спрабуюць паехаць у іншую краіну, і іх абмяжоўваюць.
«Крывавы рэжым» не вінаваты ў неактыўнасці студэнтцтва — усё, разыходзімся
Саша, Маша і Яўген ідэнтыфікуюць палітычны рэжым у Беларусі як складаныя базавыя ўмовы. Студэнтам цяжка, і яны могуць зрабіць значна менш, але могуць. Праблема ў раз’яднанасці моладзі і студэнцтва.
Яўген Міхасюк:
«Крывавы рэжым» мяшае роўна настолькі, наколькі ты яму дазваляеш. Калі ты лічыш, што цябе цалкам абмяжоўваюць — так і жывеш. А ёсць людзі з пакалення адраджальнікаў ЗБС [Задзіночання Беларускіх Студэнтаў - СД] і цяпер так ці інакш узначальваюць яго, якія казалі: «Окей, базавыя ўмовы жорсткія, зразумела, працуем далей». І дасягалі вынікаў. Калі мне хтосьці кажа: «Мы не здолелі, бо рэжым памяшаў», я думаю: стоадсоткава яны раз паспрабавалі і забілі".
Тут, у гэтых агрэсіўных і абсалютна некамортных умовах, ты мусіш разумець: каб зрабіць нават трошку, трэба выкласціся на 146%. Зрабіць максімум, каб дасягнуць нейкай дробязі.
У Акадэміі студэнты і студэнткі павінны рэалізаваць свой праект, і Саша Кузьміч распавядае варыянт эфектыўнасці пры складаных умовах — браць маленькія, але рэалізуемыя праекты:

 — Праекты фармуюцца зыходзячы з існуючых рэалій. Калі яны раптам вельмі амбітныя, то дапамагаюць і трошку абмяжоўваюць ментары і ментаркі. І яны наўрад ці паспрабавалі б не даць выканаць тое, што ты можаш. Калі ты дасягаеш маленькіх вынікаў пры вялікіх мэтах, гэта дэматывуе цябе. А захаваць акадэмі_чак матываваных, далей працаваць пасля Акадэміі - адна з нашых задач. Нам не трэба 20 цудоўных праектаў і 20 абсалютна выгарэўшых людзей, якія махнуць рукой на актывізм і скажуць, што ніколі больш не будуць займацца грамадзянскім актывізмам.


А што, калі рэпрэсіі ва ўніверсітэце: пераздачы, пазбаўленне з інтэрнатаў? Саша кажа, што гэта праблема ўсёй сістэмы крытэрыяў. Ніхто не ведае, каго заселяць у інтэрнат на наступны год. «Ты можаш быць выдатніцай, але пасварыцца з кімьсці з жыллёва-бытавой камісіі, і табе адмовяць у інтэрнаце. Рашэнні прымаюцца не студэнцтвам або не на карысць студэнтцтва».
Сучаснае студэнцтва — чарцяняты і партызаны, якія карыстаюцца хітрымі метадамі
Яўген заўважае, што зараз студэнты і студэнткі сталі як хамелеоны або флюгеры: знешне мяняюцца, але захоўваюць унутранае — сталі больш закрытымі знешне:

 — Ім лягчэй схадзіць на суботнік, але пры гэтым хэйціць адміністрацыю ў інтэрнэце. Відэа на гэты конт змантаваць, суполку пачаць весці і выкладаць шмат высілкаў, каб прадэманстраваць незадаволенасць. Пры гэтым фізічна і дэманстратыўна быць добрым і сярэднестатыстычным студэнтам. Я даволі часта сустракаю людзей, якія добра вучацца, ходзяць на ўсе мерапрыемствы, але падпольна робяць паблікі, жартуюць пра дэкана — такія чарцяняты, але публічна «партыя і рэжым, усё клас». Сталі партызанамі. Таксама я адчуваю добрае стаўленне да мовы: шмат хто пераходзіць свабодна. Зараз быў уводны семінар падчас набору, і амаль усе перайшлі на мову — 10 год назад цяжка было ўявіць такое. Новая генерацыя больш хітрая, але больш свядомая, цягнецца да заходніх каштоўнасцей: свабода выбару, асабістая свабода свайго «я».
Я-цэнтрычнасць і зноў партызанства
Каманда Акадэміі амаль у адзін голас кажа, што зараз студэнты і студэнткі сфакусаваныя на ўласным камфорце.
Саша:
Студэнцтва становіцца ўсё лепшым і лепшым, але гэта «я-цэнтрычнае» студэнцтва. Прасцей стварыць для сябе камфортнае асяроддзе, чым пайсці ваяваць супраць дэканата. З іншага боку, у нашай сістэме не магло нарадзіцца іншых людзей. Калі сістэма перыядычна вычышчае актыў, ты бачыш, што, калі будзеш вылазіць на ражон, атрымаеш па шапцы, і сыходзіш у партызанства. Гэта таксама такі небяспечны для беларускасці трэнд. Калі ты пячэшся за ўласную свабоду і камфорт, табе прасцей змяніць дэкарацыі і пераехаць.
Уся моладзь з’едзе праз адсутнасць перспектывы — прагноз
Беларусь — адзін з лідараў сярод краін Еўропы па ўзроўні міграцыі. Акадэмія лічыць, што актыўныя і разумныя людзі будуць усё больш з’язджаць без бачання перспектываў і магчымасцей.
Саша:
Любоў да Беларусі, патрыятызм — гэта нерацыянальна, на ўзроўні пачуццяў. Будзе толькі горш, людзі будуць больш з’язджаць.
Яўген:
Мы на Акадэміі кажам пра тры колы пачуццяў: ты можаш абараніць сябе, сваіх сяброў і людзей, з якімі ты незнаёмы. І спрабуем выводзіць людзей на 3 узровень, дзе ты абараняеш сваю зону камфорту, але адчуваеш, калі парушаецца чыйсьці камфорт, і гатовы ахвяраваць сваім часам, каб дапамагчы і абараніць. Калі ты толькі абараняеш сябе, на гэтым усё і скончваецца, вакол свабоды становіцца менш, яна застаецца каля кропкі «я». Гэта негатыўна для перспектывы грамадства і беларусаў як нацыі.
«Няма той сілы, якая можа іх затрымаць. Ідэі. Ты, можа, хочаш зачапіцца за што-небудзь, але няма за што», — кажа Саша.

«Не трэба з’язджаць, каб добра зарабляць, можна пайсці ў Epam і атрымліваць 2 тысячы долараў. Зараз для моладзі грошы не самае галоўнае. Яна не будзе жыць у краіне, дзе ёсць заробак, але нельга выйсці на вуліцу і рабіць, што хочаш»,— Яўген.
Універсітэт псуе студэнцтва: не вучыць думаць і ўціскае ў рамкі - робіць жывых-мёртвых людзей
Яўген акрэслівае два дрэнныя эфекты: не вучыць думаць і рэагаваць на сітуацыю сучасна. Вучыць толькі запамінаць інфармацыю, падпарадкоўвацца тупым правілам і быць «смиренным»:

 — Адсядзець 4 гады, а пасля пайсці ў офіс і сядзець усё жыцце. Для працадаўца ідэальны чалавек. Але гэта забівае індывідуальнасць, жаданне вучыцца новаму, развівацца, дасягаць. У выніку мы маем пакаленне жывых-мёртвых людзей, якія вучацца, ходзяць на працу, тусяць, але няма іскры, натхнення, прафесійнага якаснага развіцця.
Бліц: выклікі для студэнцтва ў 2018−19 гадах
1. Здольнасць аб’ядноўвацца.

«Людзі гавораць „я не перагару“ і не разумеюць, што гэта не рашэнне, перагарэць ці не перагарэць. Кажуць, што будуць гэтым займацца да канца і не разумеюць, што падтрымка ў актывізме — палова справы», — Саша.

2. Стратэгічнае мысленне і бачанне перспектыў

«Выйсці з парадыгмы „зрабі_ла класнае мерапрыемства“ да бачання, на што гэтае мерапрыемтва паўплывала. Рабіць рэчы, якія стратэгічна мяняюць будучыню. Палова адмаўляецца гэта бачыць, бо, калі адрэфлексаваць гэта, зразумееш, што палова тваёй дзейнасці была бессэнсоўная», — Яўген.

3. Перасесці з іглы штучных інтарэсаў на каштоўнасныя рэйкі

Яўген кажа: «Трэба зразумець, што сапраўдныя змены адбываюцца, калі мы працуем над імі на пэўным каштоўнасным узроўні. Калі мы зробім стыпендыі па 1000 рублей, то гэта будуць рабы са стыпендыяй 1000 рублёў. Цалкам абмежаваныя. Ім будуць казаць, дзе і што набываць, але яны будуць са стыпендыяй 1000 рублёў. Трэба задаваць сабе пытанне: „Гэтага я хачу дасягнуць ці пэўнай каштоўнаснай свабоды?“ Гэта суперскладана. На ўводніках усе кажуць пра грошы, але ніхто не кажа пра самакіраванне. Праўда ў тым, што, калі б у нас было самакіраванне, то было б і ўсё астатняе».
Гатовы або гатовая падацца на Акадэмію Студэнцкага Лідарства? Гоў, набор вядзецца два разы на год, уся інфармацыя на сайце: zbsunion.by/akademia
19:30 / 19 лютага 2019 / Алена Старасціна
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.