Пра гэта
распавёў парталу naviny.by выканаўца абавязкаў рэктара Алег Трусаў на прэзентацыі беларускамоўнай кнігі «Гісторыя Расіі» ў магілёўскім грамадскім цэнтры «Кола» ўвечары 10 лютага. Паводле яго слоў, універсітэт гатовы на 70−80%. Акрамя таго, ў ім ужо праводзяцца падрыхтоўчыя курсы.
«Каб адкрыць універсітэт, мы павінны выканаць вялікую колькасць патрабаванняў. Спачатку скласці навучальныя планы. Яны ў нас гатовыя. Трэба забяспечыць літаратурай. На 80% мы літаратурай забяспечаны. Але паўстала самае цяжкае пытанне: па некаторых прадметах няма ніякіх падручнікаў ні на рускай, ні на беларускай. Да таго ж наша Міністэрства адукацыі патрабуе новыя падручнікі, выпушчаныя не пазней за пяць гадоў таму, прычым беларускіх выдавецтваў. Калі мы не паспеем гэта зрабіць у бліжэйшыя месяцы, тады будзем набіраць студэнтаў праз год» — тлумачыць Алег Трусаў.
Першы ў Беларусі прыватны ўніверсітэт на беларускай мове быў зарэгістраваны 15 сакавіка 2018 года. Навучанне, па словах кіраўніцтва ўніверсітэта, будзе каштаваць менш, чым у дзяржаўных ВНУ — каля 1000 $, а для жыхароў сельскай мясцовасці - каля 500 $.
«Нам не хацелася б рабіць маленькі БДУ з беларускай мовай. Трэба рабіць прынцыпова іншы ўніверсітэт, які, безумоўна, будзе беларускім, але адкрыты да ўсяго новага, што ёсць у свеце. Таму першы наш прынцып — на любой спецыяльнасці будуць дзве замежныя мовы. Другі прынцып — на кожнай спецыяльнасці незалежна ад напрамку — будзе абавязковы модуль «Увядзенне ў прадпрымальніцтва», — заявіў Павел Церашковіч, прарэктар па вучэбнай рабоце Універсітэта імя Ніла Гілевіча.
Таксама адміністрацыя ўніверсітэта абяцае, што шукаць будучую працу выпускнікам будуць ад самага пачатку навучання.