Навіны

Туркменскіх студэнтаў кантралююць нават на вакацыях

Забаранілі карыстацца інтэрнэтам і смартфонамі, выязджаць з роднага горада і хадзіць у госці.
Стала вядома, што студэнтаў туркменскіх ВНУ прымусілі напісаць распіску аб «прыстойных» паводзінах. Спасылаючыся на выкладчыкаў і студэнтаў, пра гэта паведаміла мясцовая служба «Радыё Свабода».

Са студэнтамі правялі гутаркі і ўзялі распіскі аб тым, што яны дакладна будуць «прыстойна сябе паводзіць» на вакацыях, то бок не будуць размаўляць па мабільным тэлефоне, сядзець у інтэрнэце, хадзіць у госці да сяброў, на вяселлі і не будуць выязджаць за межы сваіх населеных пунктаў.

За некалькі дзён да гэтага іх абавязвалі перасоўвацца па краіне да свайго месца жыхарства толькі на цягніках, самалётах ці на грамадскіх дзяржаўных аўтобусах, і, шчыра кажучы, гэта немагчыма здзейсніць праз недастатковую колькасць білетаў. Прычым у пацвярджэнне таго, што яны ехалі толькі на дазволеных відах транспарту, па прыездзе яны павінны адаслаць ксеракопіі квіткоў у дэканат. Па меркаванні ўладаў, гэта дапаможа пазбегнуць «непрыстойнасці».

Дрэс-код туркменскай моладзі
А яшчэ ў 2013 годзе стала вядома, што студэнты не могуць кіраваць аўтамабілем да тых часоў, пакуль не скончаць універстітэт.

Да таго ж у краіне навучэнцам даводзіцца падпарадкоўвацца дрэс-коду: мужчыны праз увесь год носяць чорныя касцюмы з белай кашуляй і традыцыйную цюбецейку, дзяўчыны не могуць рабіць манікюр і насіць аздабленні, зімой для іх абавязковы чорны пінжак, а ўвесну і ўвосень тонкія чырвоныя халаты.
На пачатку студзеня, па інфармацыі таго ж «Радыё Свабода», у Туркменіі пачалі мяняць партрэты прэзідэнта — на новых ён намаляваны ўжо з сівізной на скронях. На партрэты «скідваюцца» самі настаўнікі. Зрэшты, тое ж самае даводзіцца рабіць і бюджэтнікам — медыцынскаму персаналу, выкладчыкам універсітэтаў, супрацоўнікам міністэрстваў і іншым.

Новы партрэт Гурбангулы Бердымухамедава
І аніякай публічнай крытыкі ў бок уладаў, хіба што шэптам на кухні. У самай закрытай краіне постсавецкай прасторы за любую незадаволенасць абавязкова загрыміш за краты.

Затое колькі відовішчаў! Праўда — без хлеба і элементарнай свабоды.
17:00 / 30 студзеня 2019 / Яна Чарняўская
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.