10 ідэй: дзе адзначыць Тыдзень роднай мовы ў Мінску
Што, дзе і калі адбудзецца ў сталіцы Беларусі!
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Міжнародны дзень роднай мовы. Фото: studlive.by
З 19 па 25 лютага ў Беларусі адзначаецца Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, што адзначаецца ў свеце 21 лютага.
Мы падрыхтавалі спіс мерапрыемстваў, на якія можна нарэшце выпаўзці ў свет.
Дзе адзначыць Тыдзень роднай мовы
19 лютага
Што адбудзецца? У Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі - сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моў. Пасля можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй Інстытута і сучаснымі даследаваннямі, схадзіць на выставу навуковых работ Інстытута або наведаць Музей старажытнабеларускай культуры.
Дзе і калі: вул. Сурганава 1, корпус 2. Пачатак у 14:00.
20 лютага
Што адбудзецца? Таварыства Беларускай Мовы запрашае ўсіх ахвотных напісаць дыктант, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Будзе цікава, адзнакі не ставяць, і добрая практыка!
Дзе і калі: офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13). Пачатак у 18:00.
Што адбудзецца? Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на творчую сустрэчу «Думкі і спевы». Развагамі аб мове, мысленні і кнігах падзеліцца філосаф і пісьменнік, кіраўнік аддзялення «Філасофія і літаратура» Беларускага Калегіума Валянцін Акудовіч. Спевы арганізуе паэт і музыка Міхал Бараноўскі.
Дзе і калі: вуліца Максіма Багдановіча 7А. Пачатак у 19:00.
Што адбудзецца? Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол «Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі», на якім абмяркуюць стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя. У пасяджэнні возьмуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, вучоныя-тэрмінолагі, урачы.
Дзе і калі: вул. Сурганава 1, корп. 2, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, кабінет 1110. Пачатак у 10:00.
21 лютага
Што адбудзецца? Прагляд канцэрта і лекцыя на філалагічным факультэце БДУ. Шмат цікавага распавядуць доктар філалагічных навук, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец і доктар педагагічных навук Вольга Уладзіміраўна Зелянко. Таксама возьмуць удзел паэт і празаік Анатоль Зэкаў, ансамбль «Жалейка» і цымбалісты. І нават курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Творчыя нумары прагучаць на мовах, якія прафесійна вывучаюцца ў БДУ.
Дзе і калі: вуліца Карла Маркса 31, аўдыторыя 304. Пачатак у 12:30.
Што адбудзецца? Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае далучыцца да музейнай акцыі «Дзясятка — за Коласа!». Удзельнікам прапануюць напісаць дыктант па творах Якуба Коласа і вызначыць, з якога менавіта ўзяты ўрывак. Тыя, хто выканаюць заданне на дзесяць балаў і правільна назавуць твор класіка, атрымаюць узнагароды ад музея. Акрамя таго, кожны зможа праверыць свае веды аб жыцці і творчасці пісьменніка, а таксама па беларускай мове і літаратуры ў інтэрактыўнай гульні-віктарыне «Куфэрак скарбаў роднай мовы».
Дзе і калі: вул. Акадэмічная, 5 (музей Якуба Коласа). Пачатак у 11:00.
22 лютага
Што адбудзецца? Цікавыя беларусы і беларускі распавядуць, як яны пачалі размаўляць на роднай мове, што іх падштурхнула, з якімі сітуацыямі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцці ці прафесійнай дзейнасці. Возьмуць удзел: Алесь Снег — дырэктар Арт Сядзібы; Лізавета Ганчарова — ілюстратарка; Наста Лойка — праваабаронца, сузаснавальніца Human Constanta; Эрык Арлоў-Шымкус — музычны гурт «Эрык і я»; Антон Раднянкоў - мадэратар сустрэчы, дырэктар Цэнтра новых ідэй.
Дзе і калі: вул. Веры Харужай 3, офіс 601. Пачатак у 19:00.
Што адбудзецца? У 11:00 — сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Пасля — адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны «Простыя словы роднае мовы».
А 15-й у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа пройдзе лекцыя вядомага даследчыка гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Сяргея Запрудскага «Мікола Байкоў: знаёмы і незнаёмы».
Дзе і калі: вул. Сурганава 1, корп. 2. Пачатак у 11:00 (сустрэча) і 15:00 (лекцыя).
25 лютага
Што адбудзецца? Філолаг і бізнес? Ці гэта не фантазія? Ідзем у лінгвістычна-дыскусійную гасцёўню на тэму «Яны змаглі, а ТЫ зможаш?» — фестываль бізнес-праектаў студэнтаў філалагічнага факультэта.
Адказвае былая студэнтка філфака, а сёння дырэктар ТАА «Славянскія мовы і культуры» і студэнты 3 курса рамана-германскай і ўсходняй філалогій, натхнёныя дацэнтам кафедры тэарэтычнай і інстытуцыянальнай эканомікі Л. Шумскай.
Дзе і калі: вул. Карла Маркса 31, аудыторыя 307. Пачатак у 12:45.
Мапа мерапрыемстваў
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!