Пісьменніца Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю «Свабодзе»
пракаментавала выказванні вышэйшых дзяржаўных асоб пра вытокі стаўбцоўскай трагедыі: «У паветры вісіць нейкая нянавісць, людзі ёй проста зараджаюцца, падсілкоўваюцца. З’яўляецца перакананне, што праблемы можна вырашыць гвалтам — нажом, аўтаматам. А гэта самая страшная думка, якая можа з’явіцца. Дух гвалту, на жаль, сёння прысутнічае ў нашым жыцці ва ўсім і ўсюды.
Я бачыла твары выкладчыкаў, дырэктара той школы. І няпраўда, што там бардак, не было яго там ніколі. Гэта відавочна нават па твары той цудоўнай загінулай настаўніцы, якую вельмі любілі вучні — яны адзін за адным пра гэта гаварылі яшчэ да таго, як яе не стала».
А таксама вельмі трапна звярнула ўвагу на словы і дзеянні самаго прэзідэнта: «На ўсіх узроўнях паступова ўкараняецца думка, што ўсё можна вырашыць крыкам, сілай. Паглядзіце, як паводзіць сябе той жа Лукашэнка — загадвае міністру: давай, гавары, іначай выйдзеш адсюль у ланцугах-кайданках. Гэта ж таксама гвалт, непавага да чалавечай годнасці.А калі ён не так даўно заявіў, што біць дзяцей — гэта „нацыянальная традыцыя“, дык пра што наогул казаць? Мне вось цікава: ён і свайго малодшага Кольку б’е, як некалі старэйшых? І за што, за якія правіны? Шчыра кажучы, я пабывала і ў багатых краінах, і ў бяднейшых, але нічога падобнага не чула з вуснаў вышэйшага кіраўніка».
Пра прычыны забойства сказала наступнае: «Калі я бываю за мяжой, выступаю ў гімназіях, ліцэях, там зусім іншая танальнасць размовы — вучняў паміж сабой, з настаўнікам, з вышэйшым начальствам, якое апякуецца гэтай школай.І нават нягледзячы на гэта, там таксама здараюцца забойствы. Бо зноў жа існуе дух саперніцтва, непрымання чужых поспехаў».