Натхняцца Украінай: распавядаем пра моладзь і адукацыю

Аднойчы ў цябе расплюшчваюцца вочы і ты пачынаеш бачыць сваю краіну такой, якая яна ёсць. І тады прачынаецца моцнае жаданне змяніць яе да лепшага. І тут узнікае пытанне "Як?" Адказ на яго трэба шукаць, ацэньваючы досьвед іншых. Далёка ісці не трэба – пачаць можна з Украіны.
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Можа, яе цяжка з ходу назваць найлепшым узорам для пераймання. Там існуе карупцыя, ваенны канфлікт і наогул, «вы хотите, чтобы было как на Украине?» Але гэта толькі адзін бок медаля.


На адваротным — рэформы, прага да дзейнасці і змен, адчуванне еднасці грамадства. Да таго ж у 1991 годзе Украіна пачынала з нуля, як і Беларусь. Варта паглядзець, што магло б стаць з намі, калі б мы абралі іншы шлях.
Структура вышэйшай адукацыі істотна адрозніваецца ад беларускай. Кожная вышэйшая ўстанова з’яўляецца аўтаномнай адзінкай, кіруе якой рэктар (ён абіраецца супрацоўнікамі і навучэнцамі ВНУ) і Вчена рада ўніверсітэта (прадстаўнічы орган, у якім прысутнічаюць як прадстаўнікі адміністарацыі, так і студэнцтва).

Студэнты маюць сваю структуру самакіравання. Вышэйшым органам яго з’яўляецца студэнцкая Канферэнцыя, падседжанні якой адбываюцца раз на год з удзелам прадстаўнікоў кожнага факультэта. У перапынках паміж Канферэнцыямі студэнцкае самакіраванне ўзначальвае сенат, а на факультэтах — студэнцкая рада. Яна з’яўляецца прадстаўнічым органам студэнтаў, які стварае дыялог паміж адміністрацыяй і навучэнцамі, а таксама адказвае за культурны бок жыцця студэнтаў.

На існаванне органаў студэнцкага самакіравання выдзяляецца пэўны адсотак з бюджэту ВНУ: ён залежыць ад навучальнай установы (у Кіева-Магілянскай акадэміі, напрыклад, на самакіраванне выдаткоўваецца 0,5% бюджэту ўніверсітэта). Як заўважаюць самі студэнты акадэміі, эфектыўнаць самакіравання залежыць ад шматлікіх фактараў: ад памера ВНУ, настрою адміністрацыі і саміх студэнтаў, бо сістэма не працуе, калі моладзь не зацікаўлена ў магчымасці выражаць свае жаданні.

У кожнай ВНУ існуе сваё Палажэнне аб студэнцкім самакіраванні, як прыклад можна разгледзець Палажэнне Нацыянальнага юрыдычнага ўніверсітэта імя Яраслава Мудрага.

Адукацыя ў ВНУ, як і ў школах, вядзецца толькі на ўкраінскай мове, хаця ніхто не прымушае па-за вучобай размаўляць на той мове, якая больш прывычная. А вось падстава для зайздрасці: бюджэтнікі ва Украіне і не ведаюць, што такое размеркаванне. Ад гэтай практыкі адыходзілі паступова, мяркуючы, што прымусовая праца не найлепшая матывацыя для моладзі атрымліваць адукацыю.

Усё, што датычыцца вышэйшай адукацыі, яе структуры, аўтаноміі ўніверсітэтаў, правоў і абавязкаў студэнтаў і адміністарцыі і інш. вызначаецца законам Украіны «Аб вышэйшай адукацыі», а студэнтцкае самакіраванне замацавана арт. 40 дадзенага закона.

Жыццё не абмяжоўваецца навучальнай установай, актывізм ва Украіне распаўсюджаны шырока. Адстутнасць манаполіі ўлады ў грамадскім сектары стварае магчымасць для з’яўлення і росквіту шматлікіх моладзевых арганізацый і ініцыятыў.
Моладзевыя ініцыятывы Украіны
Школа медыя-патрыётаў
У час, калі інфармацыя ператвараецца ў зброю, распазнаць маніпуляцыю і ўмець адлічыць праўду ад хлусні жыццёва важна. Але такому вас не навучаць ва ўніверах.

Як працаваць з інфармацыяй, як падаць яе з патрэбнага боку, як стварыць прыгожую легенду са звычайнай навіны, як зразумець, што з экрана тэлевізара льецца хлусня, — пра гэта распавядаюць актывісты Школы медыя-патрыётаў на розных лекцыях і семінарах. Таксама Школа ладзіць адукацыйныя летнікі, падчас якіх можна атрымаць новыя веды і замацаваць іх на практыцы.

Інфармацыя пра дзейнасць Школы і яе мэты тут.
Арганізатары Школы медыя-патрыётаў з беларускімі студэнтамі. Фота Ганны Клімовіч і Лізаветы Дварцавой.
Фундацыя регіянальных ініцыятыў (ФРІ)
Фундацыя рэгіянальных ініцыятыў аб’ядноўвае моладзевыя праекты ды ініцыятывы, яе дзейнасць накіравана як на культурнае, так і на грамадска-палітычнае жыццё моладзі. Але пры гэтым не падтрымлівае палітычных лідараў, а намагаецца кантраляваць і ўплываць на іхнюю дзейнасць.

Асноўнай мэтай арганізацыі з’яўляецца падтрымка кожнай ініцыятывы, дапамога ў рэалізацыі сваёй ідэі, развіццё моладзі і пашырэнне сярод яе актывізму, а больш глабальна — няспынныя ланцуговыя пазітыўныя змены ва ўкраінскім грамадстве.

ФРІ прадстаўлена ў шматлікіх рэгіёнах Украіны: Кіеў, Днепр, Львоў, Адэса, Луцк, Харкаў і г. д.

Паздрабязнасці пра тое, што робяць студэнты ў ФРІ, па спасылцы.
Удзельнікі ФРІ. Фота: fri.com.ua
Украінская асацыяцыя студэнтаў (УАС)
Вышэй было напісана пра студэнцкае самакіраванне ва ўніверсітэтах Украіны. Але існаванне паасобку не стварае ўмоў для развіцця і пашырэння сваёй уплывовасці. Яднае і каардынуе студэнцкія суполкі ў ВНУ Украінская асацыяцыя студэнтаў.

Асноўная мэта яе існавання — абарона правоў студэнтаў, падтрымка самакіравання ў навучальных установах і паляпшэнне якасці вышэйшай адукацыі ва Украіне. Дзеля гэтага з дапамогай актывістаў УАС была створана Нацыянальная агенцыя па забяспечанні якасці вышэйшай асветы.

Пра арганізацыю і яе дзейнасць можна паглядзець на галоўнай старонцы арганізацыі.
Актывісты УАС з групай беларускіх студэнтаў. Фота Ганны Клімовіч і Сашы Кузьміч.
Studwatch
Калі ўявіць Украіну як жывога чалавека, напэўна, найбольш сур’ёзннай яе хваробай будзе карупцыя. Яна паўсюль: ад дзяржаўнага апарата да ВНУ. Праз разуменне студэнтамі «нячыстасці» рэктара КПІ (Кіеўскі палітэхнічны інстытут) паўстала ініцыятыва Studwatch. Неабыякавыя студэнты пачалі шукаць нестыкоўкі ў даходах інстытута і ўласна рэктара, ягоных родзічаў, а пасля — распаўсюджваць інфармацыю.

Гэтая ініцыятыва магчымая дзякуючы антыкарупцыйнаму закону Украіны, прынятаму яшчэ ў 2011 годзе, у той час як у нашай краіне даная інфармацыя лічыцца асабістай, а яе распаўсюд пападае пад 179 арт. УК РБ.

Актывісты атрымалі моцны фідбэк: на арганізаваны мітынг супраць карупцыі ў КПІ выйшлі як студэнты, так і выкладчыкі.

Разабрацца ў дзейнасці Studwatch падрабязней можна на старонцы ініцыятывы.
Studway
Што рабіць, калі ў краіне вырашальныя змены, а ты толькі студэнт? Як стаць часткай важнай падзеі? Як паўплываць на вялікую сістэму, калі ты — маленькі вінцік? З гэтых думак у 2014 годзе паўстала моладзевае медыя Studway.

Першапачаткова сайт прадстаўляў сабой інфармацыю для тых, хто выходзіў на Майдан: дзе знайсці бясплатны вай-фай, гарачую гарбату, зарадзіць тэлефон, куды звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Пасля пачалі з'яўляцца інтэрв'ю з удзельнікамі рэвалюцыі Годнасці. Праз пэўны час сайт патроху стаў ператварацца ў моладзевы СМІ, пляцоўку, дзе можна пачытаць апошнія навіны, паглядзець анонсы адукацыйных праграм, знайсці карысныя парады і цікавыя тэксты.

Рэдакцыя Studway штогод вызначае найлепшыя моладзевыя праекты і ініцыятывы, найлепшых актывістаў і актывістак і адзначае іх працу на Studway Awards. Беларускім аналагам з'яўляецца прэмія Rada Awards, якой таксама штогод узнагароджваюць тых, чый уклад у развіццё грамадства найбольшы.

Пачытаць медыя нашых суседзей можна тут.
Рэдактарка Studway і студэнты Кіева-Магілянскай Акадэміі з групай беларускіх студэнтаў. Фота Ганны Клімовіч і Сашы Кузьміч.
Украінская акадэмія лідарства (УАЛ)
Папулярны на захадзе gap year (год паміж школай і ВНУ, падчас якога моладзь працуе, валанцёрыць, шукае сябе) яшчэ не дайшоў да Беларусі, але паступова распаўсюджваецца па нашай суседцы. Дзеля дапамогі моладзі ў пошуку сябе і стварэння ўмоў для самаразвіцця, фармавання актыўных людзей, якія ў будучым будуць рухаць краіну наперад, была створана Украінская акадэмія лідарства.

Навучанне ў Акадэміі доўжыцца дзесяць месяцаў. За гэты час цягам шасці дзён на тыдзень студэнты і студэнткі вучацца, займаюцца спортам, шмат чытаюць, выступаюць валанцёрамі ў розных праектах, вандруюць і развіваюцца. Асноўная мэта Акадэміі — навучыць моладзь думаць лагічна, бачыць сувязі паміж рэчамі, а не прымушаць зубрыць на памяць падручнікі.

Цікава, што навучанне амаль безкаштоўнае: кожны, хто праходзіць адбор, атрымлівае грант на адукацыю, таму сума ўзносу складае 2000 грн, што прыкладна 140 р. Стаць удзельнікам праграмы можа кожны ўкраінец, нават калі навучаецца за мяжой. Больш інфармацыі пра украінскую Акадэмію па спасылцы.

У Беларусі існуе падобны праект, накіраваны на развіццё моладзі і падрыхтоўку лідараў і лідарак для нашай краіны, — Акадэмія студэнцкага лідарства.
Нельга казаць, што ва Украіне ўсё цудоўна: бясспрэчна, там ёсць праблемы. Але пры гэтым украінская моладзь гатовая працаваць над тым, каб жыццё на іхняй Радзіме стала лепшым.
14:30 / 19 лютага 2019 / Аліна Багдановіч
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.