(БЕЛА)РУСКАЯ АДУКАЦЫЯ

Айчынная адукацыя цалкам пацвярджае прымаўку:
«Гэта было б смешна, калі б не было так сумна».
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Седзячы на пары па рускай літаратуры і слухаючы пра Івана IV і ягоныя «дасягненні» ў «далучэнні» татарскіх княстваў да Масквы і ў Інфлянцкай вайне, адчуваю, як унутры паціху прачынаецца абурэнне.
Камон, спадарства, вы проста падумайце: ёсць незалежная краіна, якая мае сваю мову, сваю багатую культуру і сваю насычаную гісторыю. Дык чаму робіцца такі акцэнт на культуру Расіі? Чаму ў школьнай праграме стаяць поруч беларуская і руская літаратуры і пры гэтым няма сусветнай? Чаму ў ВНУ я слухаю велізарны спіс нейкіх расійскіх манахаў, якія ў свой час нешта пісалі?
Добра, у школьных праграмах абедзвюх літаратур ёсць некалькі замежных твораў. Зараз магу успомніць «Рамэа і Джульету», «Маленькага прынца» і «Старога і мора». Можа, ёсць яшчэ творы, але іх вельмі і вельмі мала, калі параўноўваць з аб’ёмам рускай літаратуры. Яна разглядаецца глыбока: вось вам і «Слова пра паход Ігаравы», і «Яўген Анегін», «Майстар і Маргарыта». Карацей, ад, А і да Я.

У ВНУ сітуацыя крыху лепшая. На гуманітарных спецыяльнасцях прысутнічаюць тры літаратуры: беларуская, руская і замежная. Добра, што апошняя з’яўляецца, цяпер студэнты хаця б ведаюць прозвішчы Вальтэра, Гюго, Гётэ і інш. Але ўсё роўна мой гуманітарны мозг адмаўляецца разумець: ці не лагічней уключыць рускую літаратуру ў склад замежнай? Ну, яна ж таксама замежная, хіба не?

Я цалкам упэўненая, што руская літаратура цікавая, якасная і вартая прачытання. Але ў свеце таксама шмат краін, кнігі якіх варта чытаць! Як мінімум — літаратура нашых краін-суседак. Мая выкладчыцца па рускай літаратуры сказала, што мы павінны чытаць гэтую самую літаратуру таму, што маем агульнуную гісторыю з Расіяй. Але з Украінай, Польшчай і Літвой мы таксама маем агульныя і значна больш шчаслівыя стронкі гісторыі. Але ці ведаеце вы хаця б нейкі ўкраінскі ці польскі твор, вядомых пісьменнікаў гэтых краін? Пра Літву ці Латвію запытваць увогуле няма сэнсу, прадстаўнікоў іхнай літаратуры назавуць, напэўна, толькі навукоўцы.

Нават калі казаць пра вывучэнне гісторыі, у школьных падручніках на гісторыю Расіі заўсёды вылучаецца цэлы раздзел: пяць — сем параграфаў. У той момант як гісторыя Францыі/Вялікабрытаніі/Германіі (патрэбнае падкрэсліць), на думку аўтараў падручнікаў, заслугоўвае толькі адзін параграф.
Я намагаюся зразумець, чаму так. Чаму праз адукацыю дзяржава так роспачна навязвае нам думку, што Расія, яе літаратура і гісторыя — гэта нешта наша? Чаму школьнікі і студэнты часам ведаюць вершы Пушкіна больш дасканала, чым творчасць Багдановіча, чаму Пётр І вядомы больш, чым Вітаўт? І пры гэтым амаль ніхто не пазнае імя Тараса Шаўчэнкі, які ва Украіне — адзін з найбольш вядомых паэтаў?
На жаль, адказ, які прыходзіць мне ў галаву, зусім не пасуе незалежнай дзяржаве ў цэнтры Еўропы. Напэўна, калі вы дачыталі да гэтага месца, вы і самі ўсё разумееце. Але мне вельмі хочацца верыць, што гэта ўсё часова, што панаванне «рускага свету» ў беларускай адукацыі нявечнае.

Я не заклікаю не вывучаць рускую літаратуру, я ўжо казала вышей: яна якасная, цікавая і вельмі багатая. Але няхай яна будзе як адна са шматлікіх літаратур свету, таксама якасных і вартых прачытання. Чым Талстой (які Леў) лепшы за Гюго, чым Грыбаедаў лепшы за Твэна? Падказка: нічым. Усе розныя і ўсе таленавітыя.

Мне хочацца, каб беларусы разумелі, што Пушкіна і Маякоўскага чытаць ёсць каму, з намі і без нас яны нікуды не падзенуцца. А вось Петруся Броўку і Ларысу Геніюш акрамя нас няма каму памятаць і шанаваць.

І толькі калі мы зразумеем гэта, можна будзе шукаць шляхі выйсця.
Што ж рабіць? Як мінімум — чытаць! Чытаць Караткевіча і Марціновіча, Геніюш і Алексіевіч, Багдановіча і Барадуліна, Быкава і Бахарэвіча, — і гэты спіс працягваць можна бясконца. Як максімум — звяртацца ў адміністрацыю ВНУ, Міністэрства адукацыі, патрабаваць ставіць рускую літаратуру на роўны ўзровень з замежнай, казаць пра праблему. Гэта не заклік да пратэстаў і канфрантацыі з адміністрацыяй, гэта прапанова мірным спосабам змяняць цалкам прагнілую адукацыю ў нашай краіне.
Я мяркую, што наша адукацыя ўсё ж павінна быць беларускай. І не па прыналежнасці ВНУ да краіны, а па змесце адукацыйных праграм. Навошта? Бо менавіта ў студэнцкім узросце фарміруецца асоба: погляды, думкі, дзеянні. І нам трэба ствараць для гэтага фарміравання найлепшую глебу. А якая глеба лепей за сваю, беларускую?
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.