Зараз ужо нікога не здзівіш, калі скажаш, што вывучыў/ла англійскую мову на амерыканскім серверы Lineage 2, славянскую міфалогію – у The Witcher, кіраваць машынай - у Need For Speed. Але ў што гуляць, каб атрымаць патрэбныя менавіта ва ўніверсітэце навыкі і веды, расказваем далей.
1. The Witness – гульня-галаваломка ад першай асобы. Thekla Inc (2016)
У тваім распараджэнні цэлы востраў з мноствам пасхалак да гісторыі і навукі. Тут будынкі і буйная прырода, але людзей і жывёл няма: толькі зафіксаваныя ў дынамічных позах каменныя статуі. Востраў падзелены на сектары, паміж якімі можна вольна перамяшчацца, і кожны з іх мае свой тып галаваломак-лабірынтаў. Спачатку гульня падкідвае простыя, з імі б справіўся і першакласнік, але з адкрыццём шляху і кожнай разгаданай галаваломкай складанасць павялічваецца. Дадаюцца новыя механікі, і гульня старанна навучае ўласным правілам.
Галоўны герой не ведае, як патрапіў на востраў, але і не збіраецца з яго збегчы: ён даследуе, любуецца, слухае дыктафонныя запісы з трапнымі выказваннямі вялікіх навукоўцаў і разгадвае галаваломкі, каб больш дазнацца пра свет вакол сябе.
Чаму гуляць?Навучышся выяўляць заканамернасці, фармуляваць тэзісы, антытэзісы, сінтэзаваць вывады і рашэнні. А ў працэсе запомніш цытаты Канта, Эйнштэйна, Арыстоцеля і інш.
2. Papers, please –індзі-галаваломка ад незалежнага распрацоўшчыка Люкаса Поўпа (2013)
У выдуманай дзяржаве Арстоцка нядаўна скончылася шасцігадовая вайна з Калечыяй, і горад Грэшцін апынуўся падзеленым на дзве часткі паміж гэтымі краінамі. У Грэшціне адбываюцца ўсе падзеі гульні: галоўны герой выйграў у латарэі працоўных месцаў і ўладкоўваецца супрацоўнікам памежнага кантролю. Яго абавязак – правяраць на сапраўднасць дакументы мігрантаў, якія заходзяць на КПП па чарзе і спрабуюць трапіць на тэрыторыю Арстотцкі. Чым больш людзей абслужыць галоўны герой, тым больш ён заробіць грошаў, каб пракарміць сям'ю. Хтосьці з мігрантаў паспрабуе падкупіць героя, хтосьці прапануе дапамагчы ў кантрабандзе, таму акрамя праверкі дакументаў перад табой паставяць і маральныя пытанні: пускаць, не пускаць, затрымаць.
Па атмасферы гульня ўскосна спасылаецца на "жалезны занавес" СССР і на падзелены на Заходні і Усходні Берлін, а выпадковыя падзеі выклікаюць азарт: колькі ты пратрымаешся на новым месцы?
Чаму гуляць?Пачнеш хутчэй выяўляць заканамернасці і прадугадваць вынікі сваіх дзеянняў. Знойдзеш лепшы для сябе спосаб сістэматызаваць вялікую колькасць інфармацыі. Атрымаеш уяўленне пра міграцыйную палітыку таталітарных краін і папрацуеш з дакументамі, як заўсёды марыў/ла.
3. Portal– гульня-галаваломка ад першай асобы. Valve (2007)
Дзеянне адбываецца ў Цэнтры Развіцця, у сусвеце Half-Life, дзе галоўная гераіня павінна прайсці іспыты тыпу дабрацца з кропкі A у кропку B з партальнай гарматай наперавес. За кожным іспытам сочыць штучны інтэлект GLaDOS і падбадзёрвае: «Цэнтр Развіцця са шкадаваннем паведамляе, што наступны тэст прайсці немагчыма. Не рабіце ніякіх спробаў знайсці вырашэнне». Іскрынка тут у партальнай гармаце: страляеш на плоскасць – адкрываецца партал, страляеш на іншую – там таксама адкрываецца партал, заходзіш у адзін — выходзіш з іншага. Так пераадольваеш перашкоды, сцены, і радуеш GLaDOS.
Падчас усяго праходжання ты будзеш вынаходзіць новыя варыянты карыстання парталамі і нават знойдзеш лепшага сябра.
Чаму гуляць?Паўтарыш фізіку за 5–9 класы, навучышся правяраць інфармацыю, хутка цяміць і працаваць пад ціскам. А таксама зразумееш, чаму торцік – хлусня.
4. Hearthstone – калекцыйная картачная анлайн-гульня па матывах Warcraft. Blizzard Entertainment (2014)
У гульні няма сюжэта, бо гэта бітва паміж двума гульцамі. Мэта – давесці здароўе героя апанента да нуля. У кожнага з гульцоў ёсць сабраная загадзя калода з 30 карт і крышталі маны. Гульцы ходзяць паступова, адзін за адным, і кожны ход колькасць даступных крышталяў маны павялічваецца на адзін, пакуль іх не стане дзесяць. Карты ў руку прыходзяць ў выпадковым парадку, яны маюць свой кошт і іх можна разыграць за ману. Карты дзеляцца на істот, заклінанні і зброю. Істоты, акрамя кошту, маюць здароўе і атаку. Калі іх разыграць на "стол", яны могуць нанесці ўрон істотам альбо герою апанента. У гульні існуе 9 класаў герояў, кожны са сваім уменнем.
У сярэднім адна бітва цягнецца каля 15 хвілін, але ў Hearthstone ёсць розныя рэжымы, і час там можа адрознівацца. Гульня на 100% рэіграбельная, бо знайсці два аднолькавых матчы амаль немагчыма праз выпадковасць прыходу карт і некаторых іх хаатычных эфектаў. Тонкасцей шмат, але распрацоўшчыкі ўжо некалькі гадоў робяць усё, каб навічкам было максімальна камфортна пачынаць збіраць сваю калекцыю карт і вучыцца выйграваць.
Чаму гуляць?Будзеш развіваць кароткачасовую памяць, навучышся быць рэсурсаэфектыўным/ай, прадумваць свае хады наперад, хутка лічыць, рэагаваць на змену сітуацыі і даведаешся, як правільна павінны сустракаць у таверне.
Ты адчыняеш свой рэстаран і закупаеш рэцэпты. Апроч іх таксама можна пакупаць розны інвентар: фрыцюрніцы, пліты, каструлі для супоў. Амаль кожны рэцэпт з часам можна палепшыць, тым самым павялічваючы кошт пазіцыі ў меню. Кожны гульнявы дзень у рэстаран прыходзяць наведвальнікі і замаўляюць ежу, якую можна прыгатаваць, калі правільна ціснуць на клавішы на клавіятуры. Чым больш складаны рэцэпт, тым больш складаная камбінацыя клавіш. Калі ўсё зроблена выключна, госці сыходзяць задаволеныя, пакідаюць грошы і павышаюць рэйтынг рэстарана.
Геймплэй даволі аднастайны, але гэта добрае практыкаванне для хуткадрукавання
Чаму гуляць?Патрэніруеш сілу волі, пачнеш хутчэй друкаваць на клавіятуры і рэалізуешся ў жыцці як уладальнік/ца рэстарана.
Карысць падобных відэагульняў недаацэненая: яны дапамагаюць не толькі выпусціць пару, але і натрэніраваць хуткасць мыслення. Але пакуль ты не вырашыў/ла пракачаць сябе ва ўсіх гульнях са спісу, нагадаем: спаць і есці не менш важна.