«Не жывіце чужымі сцэнарамі, не мірыцеся з дадзенасьцю, не пагаджайцеся на меншае»

Прамова Франака Вячоркі для ўсіх выпускнікоў Беларусі
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Франак Вячорка
Беларусь, 22 чэрвеня 2020
Гэта спецыяльны выпуск прамоваў на выпускныя. Бо гэта не пераклад, гэта – словы беларуса для кожнага і кожнай.

Мы папрасілі Франака Вячорку напісаць прамову для ўсіх студэнтаў і студэнтак, якія скончваюць беларускія ВНУ летам 2020.
Дарагія мае выпускнікі.

У гэтай прамове ня будзе фальшывага пафасу. Ружовыя соплі – не пра мяне. Я проста падзялюся парадамі, якія дапамаглі мне, і наўрад ці пра гэта расказвалі ва ўнівэрсытэце.
Многія з вас будуць называць свае студэнцкія гады "страчанымі". І вы не памыліцеся. Вас, мабыць, таксама пічкалі непрактычнымі ведамі, заганялі на датэрміновае, пагражалі выкінуць з інтэрнату… І ў прынцыпе – казалі як думаць і рабіць. А што вы атрымалі ў выніку? Касьмічныя сумы за вучобу, а бясплатнікі – "пуцёўкі" ў правінцыю.
І паверце, я разьдзяляю ваш боль.
Разглядайце беларускі ўнівэр, як экспэрымэнт, тэст на выжывальнасьць і цярплівасьць. Вы яго прайшлі, дайшлі да фінішу. Павіншуйце сябе, што ўсё пасьпяхова скончылася. Я напрыклад, ня скончыў БДУ, мяне зьнялі з дыстанцыі на трэцім курсе журфаку за палітыку. За што я, у прынцыпе, дзякую лёсу, гэта адкрыла перада мною новыя крутыя магчымасьці.

Што далей? Пастаўце галачку, і рухайцеся наперад. Толькі забярыце з сабой самае важнае – людзей. Вашы сябры, студэнты і некаторыя выкладнікі, – гэта галоўны рэсурс, які даў унівэр. Кожны, хто прайшоў з вамі гэты шлях, яшчэ сыграе ролю ў вашым жыцьці. Інвэстуйце ў гэтыя адносіны: дамоўцеся адразу на штогадовыя сустрэчы, заключыце пакт узаемнай падтрымкі, арганізуйце канал камунікацыі. Вашыя студэнцкія кантакты – гэта вашае брацтва (ці сястрынства). З гадамі – гэта будзе вашая падушка бясьпекі, а магчыма і другая сям'я.
Вучыцеся будаваць гарызантальныя сувязі. Ня толькі студэнты, але і ўсе людзі, зь якімі вы будзеце перасякацца – гэта дзьверы новых магчымасьцяў. Шукайце пасьпяховых, акружайце сябе разумнымі. Сустракайцеся на каву, выдумляйце супольныя праекты. Разглядайце кожнага чалавека – як партнэра і як магчымасьць зрабіць нешту крутое супольнае. Мая кар'ера на Радыё Свабода пачалася з прагулкі па парку Горкага з маім будучым босам Аляксандрам Лукашуком а 8 ранку. А ў Агенцтва ЗША па глябальных мэдыя я трапіў дзякуючы знаёмству падчас абеду ў сталоўцы на радыё.

Будзьце ў правільным месцы і ў правільны час. Хадзіце на грамадзкія падзеі, падыходзьце да незнаёмых людзей. Прапаноўвайце дапамогу, і правільна прадавайце сябе. На працу вас будуць браць не за дыплём з БДУ, а за комплекс навыкаў і першае ўражаньне, якое вы зможаце зрабіць.

У ЗША ёсьць цэлая навука small talks – кароткіх ветлівых размоваў. Вы можаце пагаварыць пра надвор'е, выбарчую кампанію ў Беларусі альбо глябальнае пацяпленьне. Не паўтарайце маёй памылкі. Па прыезьдзе ў Вашынгтон ад мяне шугаліся – бо я заўжды пачынаў па сутнасьці, і не пакідаў месца на 3-хвілінную размову, каб растапіць лёд.
Беларускі ўнівэр – гэта, крута, але гэтага мала.
Зараз зрабіце перапынак, папрацуйце, але рыхтуйцеся працягнуць вучобу праз пару гадоў. Стаўце амбітныя мэты. Хочаце ў Гарвард - цэльцеся ў Гарвард. Не ідзіце на саступкі што да вашых мараў. Беларусы мірныя людзі, і сьціплыя, і ўсё такое, але хай гэта застанецца паміж намі. Вучыце ангельскую (замежную) мову. Падавайцеся на самыя крутыя магістратуры Ў Нью-Ёрк ці Лёндан, удзельнічайце ў конкурсах на стыпэндыі Chevening, DAAD, Fulbright, ці CSLA… Каб выйграць – вам спатрэбяцца вашыя кантакты, хто ўпішацца за вас, падтрымае рэкамэндацыяй і дапаможа з заяўкай.

Будуйце сваю ўласную гісторыю. Харошы чалавек – не прафэсія. Запусьціце ўласны праект онлайн пра вашае хобі. Стварыце арганізацыю ці запусьціце стартап. Валянтэрце і ўдзельнічайце ў грамадзкай дзейнасьці. Вы – вашыя ўчынкі. Думайце праектамі. Гэта узмацніць вашае рэзюмэ, і выгадна адрозьніць перад канкурэнтамі.
Будзьце беларусамі па жыцьці.
Гэта няпроста, асабліва цяпер у складаны час. Размаўляйце па-беларуску. Удзельнічайце ў палітыцы і грамадзкай дзейнасьці. Хата скраю гарыць першай. Расказвайце замежнікам пра Беларусь. Я ўчора напісаў у твітэры пра тое, што на акцыях у Менску забралі 140 чалавек, у тым ліку маю сяброўку Аляксандру Дынько, якая вяла стрым. На мой твіт адгукнуўся былы прэзыдэнт Эстоніі, дэпутаты Эўрапарлямэнту, і нават амэрыканскія рок-зоркі. Гэта самае малое, чым я мог дапамагчы, але прынамсі я не сядзеў у баку.
Дарагія мае выпускнікі. І ўсё ж – я віншую вас. Ня з тым, што вы скончылі ўнівэр, а з тым, што пачнецца зараз. Не жывіце чужымі сцэнарамі, не мірыцеся з дадзенасьцю, не пагаджайцеся на меншае. Прымайце выклікі і не настальгуйце па мінулым. І яшчэ раз, беражыце галоўнае – сваіх людзей.

Ваш,
Франак Вячорка.
19:00 / 22 чэрвеня 2020 / Студэнцкая думка
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.