Падтрымаць СД
Далучыцца да нас
ВАКАНСІІ
«На конкурсе для мяне стварылі дадатковую намінацыю і далі дыплом»
Сямнаццацігадовая паэтка пра тое, як выдаць сваю кнігу і пачаць перакладаць вершы на беларускую мову
УЛЬЯНА КАСЦЮНІНА
Вользе Нікіценка (Івалзе) 17 гадоў, але яна паспела стаць лаўрэаткай міжнароднага літаратурнага конкурсу "Першацвет" ( і ўвайсці ў лік дзесяці найлепшых маладых паэтаў і паэтак Беларусі за 2019 год), супрацоўнічаць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам беларускіх пісьменнікаў, а таксама выдаць сваю кнігу вершаў "Сузор'е птушкі".

Мы пагутарылі пра першыя спробы ў літаратурнай і перакладніцкай дзейнасці, стаўленне да літаратуры ў XXI стагоддзі і даведаліся, як гэта быць паэткай у сучасным грамадстве.
«Паэзія - гэта той від мастацтва, у якім я магу цалкам адкрыць душу і выказаць сваё меркаванне пра важныя жыццёвыя з'явы»
Усё мае жыццё звязана з паэзіяй, спробы стварыць нейкі твор былі яшчэ ў самым дзяцінстве. А першы больш-менш сапраўдны верш нарадзіўся ў першым класе. Сапраўдным творчым этапам можна назваць дзейнасць у дзявятым класе. У час алімпіяды па беларускай мове я вельмі натхнілася і паспрабавала напісаць верш на роднай мове. Яго нават можна прачытаць, ён ёсць у агульным доступе ў маёй суполцы Укантакце. Першы запіс, калі не памыляюся. Але зараз асаблівых эмоцый ён не выклікае, бо разумею, што мой стыль істотна змяніўся, узровень павысіўся.

Для мяне вершы – гэта сродак выказацца, перадаць свае думкі, светаадчуванне, светапогляд… Можна сказаць, што паэзія – гэта магчымасць збегчы ад рэальнасці, але для мяне вельмі важна паказаць рэчаіснасць, апісаць яе. Паралельна займаючыся маляваннем, мне хочацца па-мастацку прадставіць наваколле, данесці чытачу ўсю прыгажосць нашага жыцця.
«Радкі як хвалі: хутка з'яўляюцца і гэтак жа знікаюць»
Xасцей пішу пра прыроду, наваколле. Натхніцца вельмі проста: бывае, убачыш штосьці, сустрэнешся з якім-небудзь чалавекам ці сходзіш на якое-небудзь мерапрыемства – і радкі самі прыходзяць у галаву. А мне трэба паспяваць іх занатоўваць, бо яны знікаюць гэтак жа хутка, як і з'яляюцца. Гэта можна параўнаць з хвалямі. Радкі ўсё прыходзяць і прыходзяць, і іх трэба запісваць. Не заўсёды адразу прыходзіць цэлы верш. Часцей за ўсё я гэта яшчэ доўга рэдагую.

Канешне, хвалююся перад тым, як выкласці нейкі твор у сацыяльныя сеткі ці прачытаць перад публікай. Але разумею, што для развіцця гэта неабходна. Слухаць рэакцыю чытачоў у адказ вельмі важна, ды і крытыку часам трэба пачуць. Калі яна аб'ектыўная, то прыслухоўваюся, штосьці змяняю. Але, калі беспадстаўная, то прапускаю, не прымаю блізка да сэрца.
«Сёння я ў дзясятцы лепшых, а заўтра ўжо хтосьці іншы»
У маім жыцці было ўжо шмат паэтычных конкурсаў. Для мяне яны – гэта ў некаторай ступені выклік маёй творчасці: ці змагу я напісаць штосьці на канкрэтную тэму, у нейкай іншай форме? Кожнае журы мае свае крытэрыі адзнакі, ды і густ, зразумела, свой. Таму перад кожным конкурсам разважаеш, як можна напісаць так, каб трапіць у ліст пераможцаў. Раней вельмі чакала вынікаў, чакала нейкага прызнання сваёй творчасці, зараз ужо прасцей да гэтага стаўлюся. Стараюся аб'ектыўна ацэньваць свае вершы, вызначаць, што ў іх атрымалася, а што можна было зрабіць лепш. Але перыядычна падаюся на розныя конкурсы, бо новы погляд заўсёды можа дапамагчы стаць лепш.

Калі па выніках конкурсу "Першацвет" я ўвайшла ў лік дзесяці лепшых паэтаў і паэтак Беларусі па версіі Міністэрства інфармацыі, вельмі ўзрадавалася. Для мяне гэта была самая вялікая ўзнагарода на той момант. Але трэба разумець, што гэты спіс кожны год змяняецца, і сёння я ў дзясятцы лепшых, а заўтра ўжо хтосьці іншы.
«Ад ідэі да выхаду з друку кніжкі прайшло месяцаў пяць»
Мне самой прапанавалі выдаць сваю кніжку. Адразу назначылі рэдактарам Міколу Шабовіча (беларускі паэт-перакладчык – заўвага СД). Ён сам прафесійны аўтар, вельмі дапамагаў мне, даваў парады. Дзякуючы пастаяннай падтрымцы, магу сказаць, што выдаць кнігу было даволі лёгка. Шмат чаго залежала ад тэхнічных момантаў: трэба было намаляваць і падрыхтаваць для друку вокладку. Сама рэдактура заняла месяцы два: вызначыць парадак вершаў, змест. У цэлым спатрэбілася каля пяці месяцаў. У кнігу прапанавалі ўключыць не толькі апошнія вершы, але і больш раннія. Таму шмат твораў прыйшлося перапрацаваць, амаль перапісаць наноў, бо за апошнія тры гады мой стыль істотна змяніўся. Зараз закранаю зусім іншыя тэмы, чым у 2017 годзе.

Я ўпэўнена, што паэзія зараз жыве. Шмат людзей чытаюць, спрабуюць пісаць штосьці сваё. Трэба прыслухоўвацца да сябе, да сваіх жаданняў і пачуццяў, пісаць менавіта так, як лічыш патрэбным. Ды і інфармацыйны паток не заўсёды дрэнная з'ява, яго можна перацягнуць на свой бок. Дзякуючы сучасным тэхналогіям можна знайсці карысную інфармацыю, даведацца пра штосьці новае, натхніцца і пашырыць кругагляд.
«Каб перакласці адзін верш можа спатрэбіцца мінімум тры гадзіны»
Я хачу, каб вершы, якія мне падабаюцца, гучалі таксама і па-беларуску. Літаратурны пераклад - гэта вельмі цяжкая справа: трэба дакладна перадаць аўтарскую ідэю і ў той жа час зрабіць так, каб пераклад стаў паўнавартасным творам на роднай мове. Каб чалавек, які не чытаў арыгінала, зразумеў усё тое, што закладваў аўтар. Зараз я ў большасці перакладаю сучасных творцаў. З класікамі складаней: у іх кожнае слова на сваім месцы. Перакладаць іх - надзвычай вялікая адказнасць.

Зараз перакладаю шмат вершаў Стэфаніі Данілавай (пецярбургская паэтка – заўвага СД), у нас з ёй творчае сяброўства. Некаторы час таму мы планавалі разам стварыць праект па перакладзе вершаў расійскіх творцаў на беларускую мову і наадварот, але пакуль магчымасці ажыццявіць гэта няма.
«Мая кніжка стаіць на кафедры беларускай мовы»
Вельмі частае пытанне, якое мне задаюць: "Чаму абрала МДЛУ, а не філфак?" Мне вельмі падабаецца дазнавацца пра штосьці новае, асабліва што датычыцца моў. Я ўдзельнічала ў алімпіядзе па беларускай мове, зараз працягваю паглыблена вывучаць яе і пісаць на ёй. А замежныя мовы – гэта заўсёды штосьці невядомае. Менавіта таму вырашыла пайсці на перакладчыцу. Мовы мяне натхняюць. Вось, напрыклад, іспанская, якую зараз вывучаю. Дзякуючы ёй пазнаёмілася з новай культурай, іншым светапоглядам.

Канешне, ва ўніверсітэце многія ведаюць пра маю творчасць. Асабліва добра ставяцца да мяне на кафедры беларускай мовы, я нават ёй падаравала свой зборнік. Нядаўна ўдзельнічала ў конкурсе чытальнікаў. Ён быў арыентаваны на пачаткоўцаў, там сабраліся аматары беларускай мовы, слова, і тут я са сваёй кніжкай і дыпломамі (смяецца). Журы доўга спрачалася, ці патрэбны мне гэты чарговы дыплом. І ўсё ж такі прыйшлі да высновы, што ўзнагародзіць трэба пачаткоўцаў, каб падзякаваць за намаганні, натхніць, заахвоціць на далейшую працу. Але потым асабіста для мяне стварылі дадатковую намінацыю, што стала прыемнай нечаканасцю.
«Без падтрымкі цяжка ўяўляю сваю творчасць»
Трэба стасавацца з людьмі – гэта вельмі важна, бо толькі так можна знайсці і сваю аўдыторыю, і матывацыю для развіцця. Я часта наведвала ўсялякія мерапрыемствы, вяла сваю суполку ўкантакце, і праз некаторы час мяне пачалі пазнаваць, знаходзіць, звяртацца да мяне, запрашаць на разнастайныя сустрэчы.

Вялікі дзякуй хочацца сказаць маім бацькам. Без іх падтрымкі цяжка было ўявіць маю дзейнасць, асабліва напачатку. Таксама падтрымку адчуваю ад пісьменнікаў, вопытных майстроў слова, асабліва рэдактара майго дэбютнага зборніка Міколы Шабовіча. Ён часта раіць мне, на які конкурс падацца, куды даслаць свае вершы. Ён нібыта другі бацька ўжо.

Хачу пажадаць, каб людзі не баяліся спрабаваць пісаць, выказваць свае думкі і шукаць сябе.
19:35/ 13 сакавіка 2020 / Ульяна Касцюніна
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.