Раніца пачалася з "цудоўнай" ежы, але і гэтаму мы радаваліся, бо раней была інфармацыя, што затрыманых могуць лёгка не карміць. Калі ты ў ізаляцыі, час адчуваецца зусім па-іншаму. Нашым адзіным заняткам былі размовы, плюс у нас яшчэ ляжаў выпуск Народной Волі за пачатак верасня (чаму мы вельмі здзівіліся), таму мы ўслых чыталі яго. У нядзелю нам не пашанцавала са зменай, бо кожныя 15 хвілін да нас заходзіла жанчына, якая пыталася, як нашы справы, як нам тут адпачываецца і ці не збеглі мы яшчэ. Меньшае, што ты хочаш пачуць у камеры, гэта гэтыя пытанні.
Вельмі неспакойна прайшла ноч з нядзелі на панядзелак, таму што ўвесь час мы лічылі аўтазакі, бусы і маршруткі, якія заязджалі на тэрыторыю ЦІПа. Тады мы налічылі за ноч 8 аўтазакаў і 2 маршруткі.
У камеры страха не было, але мы ўсе палохаліся за сваіх блізкіх. Са свайго боку мы разумелі, што ўсё ў парадку, умовы, хоць і не лепшыя, але ў параўнанні з тым, што было ў пачатку жніўня, нам яшчэ пашанцавала. Але гэтага не ведалі людзі, якія нас чакалі.
У нейкі момант прыйшла ў галаву думка, што дзверы зачыненыя і я зараз, нават пры вялікім жаданні, не змагу выйсці. У панядзелак пачаліся суды і мы ўвесь час слухалі, што адбываецца. Дагэтуль мы разважалі, што нам не могуць даць суткі, бо гэта нашае першае затрыманне. Мы нават напісалі спіс, каму званіць са сваякоў, бо былі ўпэўнены, што застанецца на суткі толькі 1-2 чалавекі. Але ўсё стала на свае месцы, калі пачалі даваць іншым дзяўчынам, якія таксама былі затрыманы з намі, 11-12 сутак.
Негледзячы на тое, што нам абяцалі суд у панядзелак, з нашай камеры асудзілі толькі дзьвух. У панядзелак, дарэчы, яшчэ нам аддалі перадачкі, і настрой адразу падняўся.
Я зразумела, што зараз дрэнных людзей не затрымоўваюць. У параўнанні з тым быдлам, што нас ахоўвала, карміла і г.д., у камерах сядзяць адукаваныя, адэкватныя, смелыя людзі з узрушаючым пачуццём гумару, які ратаваў сітуацыю. Мы нават жартавалі, што выйдзем (хоць і сядзелі на той момант толькі дзень) у новую краіну, дзе паўсюль будуць БЧБ і Пагоня. Таксама дамовіліся набіць тату ў гонар першага затрымання ))