Назіральнікі на выбарах – мясцовыя дэпутаты, давераныя асобы кандыдатаў, прадстаўнікі і прадстаўніцы ініцыятыўных груп кандыдатаў, партый, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў ці простыя грамадзяне і грамадзянкі, якія сочаць за правядзеннем выбарам і падлікам галасоў.
На ўчастку вы бачыце кароткатэрміновых назіральнікаў, якія сочаць толькі за самім працэсам галасавання, але ёсць і доўгатэрміновыя – яны назіраюць выбары цалкам, ад моманту рэгістрацыі прэтэндэнтаў у кандыдаты да абвячшэння вынікаў і прыняцця новым прэзідэнтам інагурацыі.
Функцыя назіральнікаў і назіральніц на ўчастку простая – сачыць за законнасцю і празрыстасцю выбараў, фіксіраваць парушэнні, удзельнічаць (ага, менавіта ўдзельнічаць) у падліку галасоў. Але з досведу мінулых гадоў – не ўсе свае функцыі назіральнікі могуць выканаць праз пэўныя перашкоды.
Навошта яны патрэбны?
Асноўная ідэя назірання на выбарах – грамадскі кантроль над самыя істотнай падзеяй у жыцці краіны. Не будзем крывіць душой і казаць, што назіральнік можа сур'ёзна паўплываць на працу камісіі – пры любой залішняй актыўнасці яго ветліва (ці не) пазбавяць акрэдытацыі.
Але менавіта дзякуючы назіральнікам робяцца дзве рэчы.
Па-першае, мы з вамі можам бачыць відэа і фота фальсіфікацый, калі яны адбываюцца. Назіральнікі не даюць рабіць падобныя парушэнні ціха, а робяць іх агульнавядомымі, у тым ліку і для міжнародных структур.
А па-другое, назіральнікі вядуць уласны падлік яўкі, і гэтыя лічбы потым збіраюцца па ўсёй краіне. І ў выніку грамадства мае ўласную карціну як яўкі на выбары, так і нават колькасці галасоў.
Што могуць і не могуць рабіць назіральнікі на ўчастку? Назіральнік мае права: - прысутнічаць на паседжаннях выбарчых камісій, дзе ён зарэгістраваны як назіральнік (гэтая опцыя адменена праз эпідэміалагічную сітуацыю);
- прысутнічаць пры апячатванні ці пламбаванні урнаў для галасавання;
- прысутнічаць на датэрміновым галасаванні, надомным галасаванні, ў асноўны дзень галасавання (у тым ліку пры падліку галасоў);
- назіраць за выдачай выбарчых бюлетэняў, ходам галасавання, выкананнем парадку галасавання;
- звяртацца з прапановамі і заўвагамі па пытаннях арганізацыі галасавання да старшыні камісіі ці яго намесніка;
- атрымваць інфармацыю пра вынікі падліку галасоў і складанне пратаколаў пра вынікі выбараў;
- знаёміцца з арыгіналамі пратаколаў ўчастковых камісій пра вынікі галасавання і пра вынікі выбараў, падпісанымі і скіраванымі ў вышэйшую камісію;
- зрабіць копію пратакола ўчастковай камісіі пра вынікі выбараў, напрыклад, сфатаграфаваць на тэлефон (але фатаграфаваць на ўчастку па закону можна толькі з дазволу старшыні камісіі);
- накіроўваць звароты пра парушэнні Выбарчага кодэкса і іншых законаў у выбарчую камісію, у тым ліку вышэйшую, ці пракуратуру.
Назіральнік не мае права: - займацца агітацыяй на выбарчым участку;
- аказваць кандыдатам інфармацыйную, метадычную, фінансавую і іншую дапамогу;
- знаходзіцца побач са сталамі выдачы бюлетэняў, кабін і урнаў для галасавання;
- ствараць перашкоды пры правядзенні галасавання, замінаць нармальнай працы камісіі, умешвацца ў яе працу;
- распачынаць дзеянні, якія парушаюць таямніцу галасавання;
- праводзіць апытанні сярод выбарцаў, у тым ліку пасля галасаванні;
- запаўняць за выбарца яго бюлетэнь.
Як пайсці назіраць? Каб назіраць на выбарах, звычайным студэнтам і студэнткам можна вылучыцца ад грамадзян свайго раёна ці назіраць ад грамадзянскай арганізацыі.
Для вылучэння ад грамfдзян трэба зрабіць наступнае. 1. Правяраеце, да якога выбарчага ўчастка вы належыце.
2. На звычайным аркушы паперы пішаце заяву на імя старшыні выбарчай камісіі: "Прашу зарэгістраваць мяне назіральнікам на ўчастку №… як прадстаўніка грамадзян, дадзеныя якіх прыведзеныя ніжэй…"
3. Далей ідуць дадзеныя і подпісы тых, хто за вас падпісаўся. Такіх людзей павінна быць не менш за дзесяць, і яны павінны жыць на вашым участку.
Чалавек павінен напісаць свае імя, прозвішча і імя па-бацьку, адрас і паставіць подпіс.
4. З гэтай паперай і пашпартам вы ідзяце на ўчастак, перадаяце яе старшыні камісіі, вас акрэдытоўваюць –
і ўсё, можна назіраць.
Альбо можна назіраць ад праваабаронцаў: перад кожнымі выбарамі яны набіраюць людзей. Пры такім раскладзе вам не трэба ні пра што клапаціцца – праваабаронцы рэгіструюць вас у якасці назіральніка, усяму навучаць і адкажуць на усе пытанні.
Вам трэба толькі падаць заяку на сайце і чакаць, пакуль з вамі звяжуцца арганізатары. Зарэгістравацца назіраць можна ад
«Права выбару» ці ініцыятывы
«Праваабаронцы за свабодныя выбары». Пасля для вас правядуць навучальны трэнінг, адказжуць на ўсе пытанні, а перад выбарамі дадуць падрыхтаваные накіраванне. Трэба будзе проста ўзяць яго, пашпарт, прыйсці на ўчастак – і ўсё, цяпер можна пабачыць выбарчую кухню знутры.