Як стваралася ЗБС?
Старэйшай студэнцкай арганізацыі ўжо 32!
АЛІНА БОЛБАС
Сёння Задзіночанне Беларусіх Студэнтаў святкуе сваё 32-годдзе!

Да гэтага свята падрыхтавалі для вас вялікі тэкст пра першую студэнцкую арганізацыю. А яшчэ там ёсць крыху і пра СД.
Што такое ЗБС?
ЗБС (Задзіночанне беларускіх студэнтаў) – студэнцкая арганізацыя, якая стваралася напрыканцы 1980-ых гадоў як антыкамуністычная, а зараз яднае актыўную моладзь Беларусі.
Агульны Сход ЗБС 2019
Гісторыя арганізацыі
1
Стварэнне ЗБС
Арганізацыя як агульная структура з'явілася рэзультатам працы некалькіх нефармальных студэнцкіх груп, што існавалі ў БДУ, БДМУ, а таксама БДПУ. У канцы 1980-х гадоў на хвалі перабудовачных настрояў нефармальныя беларускія студэнцкія фарміраванні вырашылі аб'яднацца супраць ідэялагізацыі адукацыі і стварыць Задзіночанне беларускіх студэнтаў. Гэта былі часы заснавання БНФ, тады яшчэ дзейнічалі савецкія партыі, камсамол, але ўжо стала магчыма ствараць нешта новае. З Канфедэрацыi беларускіх суполак — розныя культурніцкія моладзевыя група — пазбіралася студэнцтва, якое вырашыла стварыць сваю, студэнцкую, арганізацыю.
2
Як прыдумлялі назву?
Назву выбіралі сабе павыкрутасцей — ні "саюз", ні "аб'яднанне" — нічога не каціла, таму што гэта было неяк зусім банальна і някрута. А "задзіночанне" — iншая справа.
У Задзiночання было дзве галiны: антыкамунізм і рэформа адукацыі, каб адукацыя была сучаснай і беларускай.
3
Узнікненне Студэнцкай думкі
У 1989 году арганізацыя пачала выдаваць газэту "Студэнцкая Думка", якая потым ператварылася ў часопіс і ў 1999 годзе стала афіцыйным незалежным зарэгістраваным выданнем. Спачатку Зміцер Салошкін працаваў над выданнем аднаго з самых папулярных самвыдатаў таго часу. Пры ім часопіс змяніў тэматычны накірунак з культурна-асветніцкага на грамадска-палітычны, прычым са студэнцкім складнікам. У Беларусі пачатак хвалі самвыдату супаў з уздымам нацыянальнай свядомасці, калі выданні былі засяроджаны на пытаннях гісторыі, культуры і мовы. Прыблізна на 90% самвыдат рабіўся на беларускай мове, часцей – прынцыпова на тарашкевіцы.
ЗБС на акцыях і івэнтах у дзевяностыя
1
Дэкамуніацыя
Змiцер Салошкiн, заснавальнiк ЗБС, актыўна ўдзельнічаў у студэнцкай кампаніі за адмену выкладання «Гісторыі КПСС». Прыблізна палова студэнтаў падпісаліся. Тады ідэйных змагароў было прыблізна па 10 чалавек, якія рухалі ўсё ў сваім ўніверы, і іх дзейнасць адсочвалася. І ўсё ж такі на ўзроўні рэктарату было прынята, што іспыт па гісторыі КПСС здаваць у медычным ўніверы не будуць.
2
Працяг СД
У 1990 годзе ЗБС пераняло выданьне часопіса «Студэнцкая думка», рэдактарам якога стаў Зміцер Вайцяховіч. У выніку наклад часопіса да канца году вырас з 1000 да 5000 асобнікаў, выраб якіх ажыцьцяўляўся на ротапрынтах у навукова-дасьледчых інстытутах паводле прыватных вусных дамоваў з былымі сябрамі ЗБС сярод супрацоўнікаў НДІ. Распаўсюджвалі "Студэнцкую думку" праз розныя тусовачныя месцы. Наклад мог складаць 5000 экзэмпляраў!
3
Адной з заслугаў часопісаў было тое, што «Студэнцкая думка» «пісала такой sexy беларускай мовай, што на ёй адразу хацелася пачаць размаўляць».
Я ўпэўнены, што людзі, якія жывуць у нашай краіне, маюць вельмі вялікі патэнцыял, які трэба рэалізоўваць. Прынамсі, я з'яўляюся адным з рэдактараў моладзевага часопісу "Студэнцкая думка". Мне хочацца, каб ён стаў нашмат лепшым, каб яго чытала большая колькасць людзей. У сваім часопісе мы стараемся праводзіць ідэю, што і ў гэтай краіне можна і трэба жыць. І гэтую краіну можна і трэба будаваць. І якой мы яе зараз будзем спрабаваць рабіць, такой яна насамрэч і будзе.
Сяргей Сахараў
Рэдактар СД, галоўны рэдактар Citydog.by
1
Рэгістрацыя ЗБС
У 1992 годзе ЗБС было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як "Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў". Васьміпромневая зорка стала афіцыйным сімвалам арганізацыі.
2
Культурнае жыццё
Неўзабаве пасля рэгістрацыі ЗБС зладзіла канфэрэнцыю "Нацыянальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі" і святкаванне 50-х угодкаў "Беларускага Саюза Моладзі". У кастрычніку 1994 г. зладзіў сустрэчу маладых беларусаў сьвету з больш як 10 краінаў.
3
У першай палове 90-ых у межах культурнай і адукацыйнай дзейнасці арганізацыяй былі выдадзеныя 4 кішэнныя слоўнікі і мэтадалагічная літаратура для мэдыцынскага інстытута, альбомы беларускіх рок-гуртоў і бардаў. Таксама ЗБС аказвала падтрымку беларускім пісьменнікам у выданні кніг.
4
У кастрычніку 1994 году ЗБС арганізавала сустрэчу маладых беларусаў свету, на якой прысутнічалі прадстаўнікі больш чым дзесяці краін. За 1990—1995 гады удалося выдаць 4 слоўнікі і некалькі музычных альбомаў беларускамоўных рок-гуртоў і сьпевакоў.
Летнік ЗБС
1
Кампанія супраць размеркавання
Абавязковае размеркаванне ўвялі спачатку пастановай Міністэрства адукацыі, потым — Савета міністраў. На сённяшні момант размеркаванне занатавана ў Кодэксе аб адукацыі. Задзiночанне было супраць гэтага, яно лічыла, што гэта парушэнне права на працу, таму што фактычна з'яўляецца прымусовай працай. Кампанія супраць даволі буйная: пікеты, паездкі па ўніверсітэтах, размовы са студэнтамі, анкетаванні, каб даведацца пра іхні ўзровень ведаў у прававой галіне і да кагосьцi данесці веды. Тлумачылi, чаму гэта незаконна і якія правы маюць студэнты падчас размеркавання.
2
Таксама была даволі вялікая кампанія па ліставанні з дзяржаўнымі органамі: ўзялі ўсе органы, якія маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, і накіроўвалі ім лісты з просьбай звярнуцца туды, каб суд прызнаў, што гэтая пастанова Савета міністраў і Міністэрства адукацыі супярэчыць Канстытуцыі. Спрабавалі даказаць міністэрствам, што гэта незаконна. Гэтая кампанія ладзілася ў 1998−99 гадах.
3
Студэнцкае самакіраванне
Чальцы ЗБС ездзілі па ўніверсітэтах і распавядалі студэнтам, што такое самакіраванне, як было б здорава, калі б гэтае самакіраванне было ў іх ва ўніверсітэтах. І што пэўную частку паўнамоцтваў, якія мае адміністрацыя ўніверсітэтаў, трэба перакласці на студэнцкае самакіраванне. І што пакуль гэта не стасуецца з дзеючым заканадаўствам, але, калі гэтыя суполкі самакіравання будуць у парадку, калі яны будуць актыўнымі і будуць рабіць нешта на карысць студэнтаў, тады да іх пачнуць прыслухоўвацца і пачнецца дыялог паміж імі і адміністрацыяй універсітэта.
4
Кам'юніці
Унутры самога Задзiночання былі нейкія тусоўкі па інтарэсах, краязнаўчыя тусоўкі, ладзіліся паездкі з рознымі праграмамі, адукацыйныя летнікі, друкаваліся розныя кніжкі.

Офiсам ЗБС была трохпакаёвая кватэра на Дарашэвіча, дзе ладзіліся ўсе імпрэзы, дзе можна было прыйсці папрацаваць, адпачнуць. У той час у ЗБСа была даволі вялікая бібліятэка з кніжкамі на беларускай, польскай, іншых мовах, можна было прыходзіць і браць кнігі. Інтэрнэт тады быў не вельмі распаўсюджаны, камп'ютараў было няшмат, і ў студэнтаў былі цяжкасці з інтэрнэтам. А ў ЗБСа ў вялікім пакоі стаяла пяць ці шэсць камп'ютараў, і студэнты маглі прыйсці і карыстацца імі.
Былы офіс ЗБС
Сяргей Зікрацкі, чалец Рады ЗБС у 2000-ныя: «Мы хацелі патлумачыць студэнтам, што яны маюць права ўплываць на жыццё ўніверсітэта ці хаця б свайго факультэта».
1
Ліквідацыя арганізацыі
Са снежня 2001 года рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ЗБС было пазбаўлена рэгістрацыі фактычна за актыўнае правядзенне кампаній па сацыяльных праблемах студэнтаў (прымусовае размеркаванне, малыя стыпендыі, старыя падручнікі, недахоп інтэрнатаў і інш.) і мабілізацыйнай кампаніі "Выбірай!", якая заклікала грамадзян Беларусі галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Суд не звярнуў увагі ні на адсутнасць юрыдычна абгрунтаваных аргументаў з боку Міністэрства юстыцыі, ні на заявы ў падтрымку ЗБС больш за 30 еўрапейскіх студэнцкіх і праваабарончых арганізацый.
2
Працяг дзейнасці
З 2001 годзе бярэ свой пачатак першы Інтэрнэт-праект Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў — студэнцкі інфармацыйны рэсурс studenty.by. Пасля двух гадоў развіцця сайт ужо ўвайшоў у пяцёрку самых наведвальных беларускіх студэнцкіх рэсурсаў. У 2005 годзе праект стаў незалежным, а ў 2007 змяніў назву на Generation.bY.
3
У 2002-2004 гадах ЗБС рэалізоўвала праект "Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых", у выніку якога была распрацавана "Дэкларацыя правоў студэнтаў Беларусі". Дакумент распрацоўваўся студэнтамі розных ВНУ Беларусі падчас студэнцкіх форумаў, якія адбыліся ва ўсіх буйных гарадах краіны. Студэнты абмяркоўвалі механізмы абароны правоў студэнтаў, атрымлівалі парады ад юрыстаў, дасведчаных у гэтай галіне, дыскутавалі, якімі павінны быць правы беларускіх студэнтаў.


Канцэрт Rockby у клубе пасля прэзентацыі Дэкларацыі правоў студэнтаў
1
У 2003 годзе ЗБС зладзіла рэспубліканскі конкурс студэнцкай творчасці "Голая студэнцкая праўда", па выніках якога адбылася выстава. Пазней, ў 2008-2009 гадах, ініцыятыва СтудФармат скарыстала канцэпцыю "Голай студэнцкай праўды" для правядзеньня выставы UnReal Student Life. СтудФармат, у сваю чаргу, вырасла з аднаiмёвай перадачы на Эўрарадыё, якую ЗБС рабіў ў 2006—2007 гадах.
2
Самай буйной актыўнасцю ЗБС тых часоў стала "Шэсце бездомных студэнтаў" — абсалютна лагічная падзея ў 2004 годзе, калi інтэрнатаў не хапала. На той час было вельмі складана выходзіць на вуліцу і нейкім чынам паказваць сваю пазіцыю, бо гэта ўсё каралася, таму ЗБСаўцы зрабілі такі вясёлы фармат акцыі. ЗБС заўжды стараўся падыходзіць да ўсяго творча і знаходзіць нейкія лазейкі, каб цяжка было падагнаць пад нейкія існуючыя нормы.
«Шэсце бяздомных студэнтаў»
Усе прыдумалі для сябе нейкія пацешныя строі, вынеслі раскладушку, на ёй было напісана "хутка зіма, а дому няма". Удзельнічалі студэнты з розных універсітэтаў. Былі дзяўчаты, абвязаныя кіпяцільнікамі, яны ішлі з рондалямі, гучна бабахалі. Гэта звонку выглядала вельмі гучна, незвычайна. Людзей было некалькі дзясяткаў, шмат хто далучаўся яшчэ па ходу. Напрыклад, далучыліся дзяўчаты з медуніверсітэту, каторыя прыйшлі, таму што ім сапраўды не было дзе жыць.

Такім чынам дайшлі да БДУ. На шэсце глядзелі з вокнаў, бо людзей было шмат, i ўсе яркія, з вясёлымi песнямі. Каля БДУ ўдзельнiкаў марша ўжо сустракалі. ЗБСаўцы ведалі, што iх сустрэнуць, бо там ужо цэнтр горада, Дом урада, Міністэрства адукацыі. Задача была зрабіць гэта ярка, відовішчна, каб пабачылі, падтрымалі, каб паказаць, што змаганне можа быць вясёлае і ўпэўненае.

Напачатак да шэсця прыбёг разбірацца нехта з БДУ, спрабаваў аргументамі давесці, што так рабіць не варта. Дайшлі ў выніку да ўваходу ў галоўны корпус БДУ, і ўжо вось там прыйшлі міліцыянты. Пад мастом разыгралася галоўная драма, калі прыехаў ментоўскі козлік. Спрабавалі затрымліваць людзей, але ўсе трымаліся моцна, ледзь не абняліся там. Было вельмі пацешна, калі затрымлівалі хлопцаў, і яны да такой ступені моцна трымалі гэтую раскладушку (бо гэта важны інструмент для студэнта), што ў выніку ў гэты козлік іх пагрузілі разам з раскладушкай. У медыя загалоўкі былі, што затрымалі траіх: двух студэнтаў і раскладушку. У вынiку ніяк іх не пакаралі: хлопцы былі падкаваныя, патлумачылі, што нічога яны не парушылі.

Шэсцю проста не далі дайсці да Міністэрства адукацыі, але яно свайго дамаглося, бо праблема была агучана, многія медыя пісалі пра незвычайны фармат акцыі. І што самае цікавае, праблема сапраўды пачала вырашацца, інтэрнаты пачалі будаваць.
Воля Кузьміч
Чаліня рады ЗБС у 2000-ныя
1
"Хочам вучыцца па-беларуску!"
ЗБС было ініцыятарам акцыі гэтай, якая ажыццяўлялася ў 2005-2006 гадах. Акцыя атрымалася сапраўды відовішчная: мала хто рызыкаваў выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, ведаючы, чым гэта можа скончыцца. Удзельнiкi акцыi, канешне, пайшлі туды. Таксама ўсе былі пацешна апранутыя, зрабілі сядзячую акцыю, пасля рабілі шэсце ў парку Янкі Купалы. Тады даволі жорстка затрымлівалі, найбольш было шкада Франака Вячорку. Ён набыў сабе за мяжой белыя нагавіцы, быў такі ўвесь снежны, прыгожы. Яны іх парвалі, пакуль затрымлівалі.
2
У 2006 годзе ЗБС супрацоўнічала з беларускімі жаночымі арганізацыямі з мэтай стварэння беларускай жаночай сеткі. Тады ж ЗБС сумесна з Беларускім Хельсінскім Камітэтам праводзіла кампанію "Ільготы кожны дзень", у межах якой збіраліся подпісы за ўвядзенне ільготнага праезду для студэнтаў на працягу ўсяго каляндарнага года.
3
У 2007, калі было абвешчана пра скаванне ільготаў на праезд, ЗБС разам з іншымі моладзевымі арганізацыямі ўдзельнічала ў пратэстах супраць адмены ільгот. Паралельна СтудФармат ператварыўся ў самастойную ініцыятыву.
4
У 2007-2008 навучальным годзе "Студэнцкая думка" выходзіла не толькі ў папяровай, але і ў флэш-вэрсіі. У пачатку 2007 года выдаў складанку «Не заганяйся» з 11 беларускамоўнымі песьнямі музычных гуртоў. У 2008 годзе Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў правяло конкурс вершаў на студэнцкую тэматыку "Незавершанасць", па выніках якога быў надрукаваны зборнік з 30 вершаў пераможцаў.
«Хочам вучыцца па-беларуску»
1
Адраджэнне арганізацыі
Новы штуршок развіццю ЗБС далі студэнцкія пратэсты ў канцы 2015 – пачатку 2016 года, калі навучэнцы БДУ выступілі супраць увядзення платных адпрацовак. У 2016 годзе арганізацыя заявіла аб сваім адраджэнні, аб'яднаўшы сілы з актывістамі руху супраць платных пераздач у БДУ, якія праводзілі рэзанансны ў грамадстве марш студэнтаў у снежні 2015 года.
2
Паводле галасавання Старшынёй Рады ЗБС стаў Яўген Міхасюк. Таксама членамі Рады сталі актывісты Дар'я Пастухова, Ілля Сіліцкі, Марыя Колб, Глеб Вайкуль. Новая Рада і актывісты ЗБС планавалi бліжэйшым часам засяродзіць увагу на правядзенні грамадскіх кампаній, развіцці студэнскага руху, стварэнні advocacy-кампаніі, асвеце і асвятленні праблем студэнтаў у медыях.
Сустрэча па адраджэнню арганізацыі
ЗБС не дамогся таго, за што выступаў, бо не хапіла ўнутранаў структуры, самаарганізаванасці. І Рада вырашыла, што гэтую структуру трэба пабудаваць, і пачала думаць пра стварэнне сваёй арганізацыі. Але тады ўзгадалася пра ЗБС. І было вырашана адрадзіць тое, што ўжо ёсць. У той час ЗБС ужо амаль ніхто не ведаў, не было нейкай негатыўнай рэпутацыі. Быў нават такі цікавы кейс: недзе за паўгады да гэтага у БГМУ павесілі аб'яву са спісам забароненых арганізацыяў, на мерапрыемствы якіх нельга хадзіць. Там быў Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў, Студрада і БАСС, але не было ЗБСу. Гэта быў шанец.
Яўген Міхасюк, адзін з адраждальнікаў арганізацыі
1
А што з ЗБС зараз?
Зараз ЗБС актыўна прцягвае сваю дзейнасць.
З 2016 года было зладжана некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў і фестываляў: Generation Y, Рэмара, Дзень роднай мовы, івэнты, прысвечаныя правам студэнцтва, сумесныя тусоўкі і адпачынак.
2
Вяртанне Студэнцкай думкі
У 2016 годзе таксама была адноўлена Студэнцкая думка. Спачатку ў выглядзе друкаваных часопісаў накладам 500 асобнікаў, а з 2017 года – у выглядзе гэтага самага сайта.
3
ЗБС прадстаўляе беларускае студэнцтва на міжнародным узроўні: арганізацыя дагэтуль уваходзіць у ESU.
Прыхільнікі і прыхільніцы ЗБС арганізоўваюць розныя кампаніі. Напрыклад, напрыканцы 2019 года частка з іх увайшла ў Моладзевы блок і ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах.
Дагэтуль галоўнай фішкай ЗБС застаецца салідарнасць і падтрымка.
Прыхільнкі і прыхільніцы
Бонус
Да дня народзінаў арганізацыі сабралі для прызнанні ў любві любімай арганізацыі ад прыхільнікаў і прыхільніц!
Ксенія Сырамалот
Усё склалася вельмі цікава, і я апынулася тут. Апынулася ў правільны час у правільным месцы.

Час у ЗБС выпаў, верагодна, на самыя яркія гады маёй маладосці і на самыя яркія працэсы ўсведамлення сябе, але гэта недакладна.

Я захаплялася ЗБС, таму што тут сабраліся студэнты і студэнткі, якія ні ад каго не залежаць, нешта робяць і яшчэ не развалілі супольнасць:) Менавіта тут я больш за ўсё вучылася слухаць самыя розныя меркаванні і працаваць з самымі рознымі людзьмі.

І хоць я ішла сюды дзеля дзейнасці, а не дзеля людзей (менавіта гэта было прычынай, чаго я так доўга раздумвала перад далучэннем), тут я пазнаёмілася з людзьмі, якія па-свойму паўплывалі на маё жыццё.
Хтосьці даў цытату для татушкі, хтосьці дапамагаў і працягвае дапамагаць у складаныя моманты, хтосьці пацвердзіў здагадкі пра "калі нешта рабіць, нешта будзе", а хтосьці дапамог пачаць адносіцца да ўсяго прасцей.

Зусім-зусім хутка ў @zbsunion Дзень народзінаў. Я рада, што гэтае месца яднае актыўных і цікаўных студэнтаў і студэнтак з іскрынкамі ў вачах. Гэта натхняе і дае надзею.

А зычу я ЗБС крутых адказаў на выклікі, яшчэ большай трываласці, салідарнасці і любові ❤️
Сяржук Дубіна
Вось пакрысе і надышоў 3ці мой і 32гі ўвогуле Дзень народзінаў ЗБС, які я чарговы раз буду святкаваці разам з усім нашым вялікім студэнцкім кам'юніці, не бяда, што анлайн.
Я далучаўся ў снежні 2017 года без малейшай падозры на тое, што цяпер буду так шмат часу прысвячаць развіццю арганізацыі, дэвіз якой "Яднаем лепшыя памкненні". Не перастаю верыць у тое, што з цягам часу студэнцтва Беларусі будзе ведаць свае правы, удзельнічаць у рэфармаванні вышэйшай адукацыі, рухаць грамадства наперад, будзе ведаць, што яно вартае большага.
А зерне ўжо пачынае праростаць????
Дар'я Рублеўская
Задзіночанне — гэта тое, што мы робім самі. Тут і зараз, без меж і рамак. Так, як хочам і як можам.

Задзіночанне — гэта пра людзей. Пра штодзённы вір ідэй, вар'яцкіх планаў і энергіі. Пра падтрымку ў любой сітуацыі, пры самым дурацкім здарэнні і ў выпадках чагосьці оч несправядлівага.

Адчуваю ў Задзіночанні маладосць і штосьці, што грэе сэрца пры кожнай сустрэчы.

І гэта ўсё пра тое, што @zbsunion існуе ўжо 32 гады ???? Стаць аднойчы часткай усяго гэтага было адным з найлепшых рашэнняў у жыцці, а працягваць будаваць — выклікам (з якім, падаецца, пакуль спраўляюся).

Віншую наш ЗБС з Народзінамі і веру, што за намі будучыня ????
Наста Крывашэева
Ліза Пракопчык
В феврале я поняла, что почти не общаюсь с людьми вне сектора. Это ни хорошо и ни плохо, просто факт.

Я восхищаюсь людьми, с которыми общаюсь, восхищаюсь их умом, красотой и характером. Мы все разные. Это ни хорошо и ни плохо, просто факт.

Ты особенный, когда являешься частью чего-то особенного. А мы не просто часть, мы строим это особенное каждый день. Кто-то, конечно, вносит больше, кто-то вносит меньше. Это ни хорошо и ни плохо, просто факт.

В 32 перестаёшь быть молодежью. Это ни хорошо и ни плохо, просто факт.

ЗБС — одно из лучших событий в моей жизни (сразу после музыки One Direction), и сколько бы ему/мне ни было бы лет, мы огромная часть друг друга.

И я хочу, чтобы вы знали, что ЗБС изменит мир.
Людзі з ЗБС могуць сёння ладзіць тусоўку на офісе, а заўтра балатавацца ў Палату прадстаўнікоў, спачатку яны вызываюць на дыван рэктара БДУ, а потым - міністра адукацыі, яны ладзяць цікавыя сустрэчы, карысныя лекцыі, адукацыйныя праграмы. Яны не баяцца выказваць сваё меркаванне, змагацца за свае правы, яны знаходзяць у сабе сілы ісці далей і працягваць. І я ўпэўнена, што гэтыя людзі сапраўды зменяць Беларусь.

ЗБС - гэта не проста тры літары. Гэта прастора, якая збірае разам творчых вар'ятаў з запаленымі вачыма, якія прагнуць перамен, хочуць рабіць штосьці новае, арыгінальнае і якаснае. І нельга быць былымі збсаўцамі ці збсаўкамі, бо перш за ўсё ЗБС - гэта стан душы. І я вельмі рада быць часткай гэтага.

~~~
Аліна Болбас, рэдактарка СД
~~~
19:51 / 26 траўня 2020 / Аліна Болбас
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.