21 прычына (не)пераходзіць на беларускую мову

Шукай сваю
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Сусветны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. Мэта зразумелая – прыцягнуць увагу да моваў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. А беларуская адна з іх.
Але якая розніца, скажаш ты. Мова – гэта ж так не істотна, столькі чалавек у краіне, аж дзевяць з паловай мільёнаў, хай яны сабе нешта робяць. А мне і так добранька.

Знаёмая сітуацыя? Спадзяемся, што не. Але зрэшты, моўнае пытанне кожны і кожная павінны вырашыць для сябе самастойна. А пакуль ты будзеш разважаць над ім, вось 21 прычына ніколі не пераходзіць на беларускую.
1
Ты будзеш вылучацца сярод натоўпу, а гэта нікому не патрэбна.
2
У беларускай мове столькі дзіўных словаў – валошка, пяшчота, вясёлка – што гэта вабшчэ такое?
3
Калі пачнеш вучыць беларускую, мозг пачне больш актыўна працаваць, запамінаць новыя словы. Але навошта стамляць такі важны орган?
4
Сёння ты пачнеш вучыць беларускую, потым падсядзеш, захочаш удасканаліць англійскую, потым якую італьянскую – і ўсё, лічы, наркатычная залежнасць.
5
Навошта ўвогуле на яе пераходзіць – ніхто ж не гутарыць, што гэта вы прыдумалі.
6
Па статыстыцы, беларусы і беларускі, якія ведаюць сваю мову, больш прывабныя ў справах кахання. Дык і куды потым гэтых паклоннік_аў падзенеш?
7
За мяжой вельмі складана тлумачыць, што ты з Беларусі і размаўляеш па-беларуску. А пра рускую мову ды Расію ўсім зразумела.
8
Людзі вакол пачнуць лічыць цябе зацят_ым нацыяналіст_ам. Ты што, хочаш, каб было як ва Украіне?
9
Могуць узнікнуць праблемы з тым, каб замовіць гарбату ў кавярні.
10
Калі захочаш набыць ровар – хутчэй за ўсё не набудзеш. Прыйдзецца гадзіну тлумачыць, што такое "ровар".
11
А ў цырульню ўвогуле небяспечна заходзіць – хто ведае, што яны з тваёй галавой зробяць?
12
Можна раптам адчуць сабе самотна, дзе ж знайсці ў Беларусі яшчэ каго беларускамоўнага?
13
Не зможаш слухаць рускі рэп ці іншую замежную музыку. Людзі вакол будуць чакаць ад цябе толькі любоў да песен Лявона Вольскага.
14
Пакуль будзеш пераходзіць, людзі вакол будуць тыкаць у твае памылкі. Не, лепей ужо па-руску.
15
Тваё імя можа змяніцца: напрыклад, замест ганарлівага "Александр" станеш нейкім "Алесем".
16
А як збіраешся ўладкоўвацца на працу? Хто ж цябе такога ўсяго беларускамоўнага зразумее?
17
Дык і дзяцей па-беларуску выхоўваць хочаш? Як жа можна, дзе права выбару?!
18
Час ад часу мы ўсе злуемся і хочам сказаць якое-небудзь абразлівае слаўцо. Як жа нармалёва лаяцца па-беларуску, калі акрамя "гамон" нічога не ведаеш?
19
Яшчэ трэба абіраць паміж тарашкевіцай і наркамаўкай. Ну і навошта яно табе?
20
Вывучыш беларускую – не будзе апраўдання, чаму не прачытаны Караткевіч і Быкаў.
21
Размаўляць па-беларуску – абуджаць у сабе нацыянальную ідэнтычнасць. А яно табе трэба, ну?

Прычыны жартаўлівыя, але некаторыя з іх сустракаюцца і ў рэальным жыцці. Мы не ставім сабе мэту прымушаць цябе да той ці іншай мовы, але заклікаем ўсё-такі не забываць сваю. Усё ж такі пакуль яшчэ мы беларусы.


Подпишись на нашу страницу Вконтакте. Мы стараемся!
10:30 / 21 лютага 2020 / Аліна Багдановіч
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.