Роўнасць чальцоў universitas паміж сабой
Зразумела, што прафесара і студэнты (або шкаляры) не былі роўнымі ў межах супольнасці, яны мелі розныя правы і абавязкі адносна адзін аднаго. Роўнасць універсітэтскай супольнасці тычылася таго, што, патрапіўшы ва ўніверсітэт, чалавек станавіўся чальцом універсітэтскай супольнасці, якая не зважае на той сацыяльны статус, які ён меў да універсітэта. Арыстакраты і простыя мяшчане, нават час ад часу сяляне, патрапіўшы ва ўніверсітэт, набывалі роўны статус і пачыналі адрознівацца паміж сабой ужо па правілах самаго ўніверсітэта. Такім чынам, універсітэт адмяняў саслоўныя прывілеі і даваў магчымасць сваім чальцам змяняць лёс, наканаваны ім ад нараджэння.