"Праз тое, што я кажу пра бодзіпазітыў, я сама
станаўлюся мацнейшай"

Гутарка з Машай Колб, сузаснавальніцай ініцыятывы "Больш цела"
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Маша Колб – актывістка, феміністка, сузаснавальніца ініцыятывы "Больш цела". Гэтым летам разам з каляжанкамі правяла летнік з размовамі пра бодзіпазітыў і ўспрыманне свайго цела. Гутарым з Машай пра любоў да сабе, павагу да знешнасці астатніх і перспектывы бодзіпазітыву ў Беларусі.
Пра ініцыятыву «Больш цела»
Як стваралі?
Мы з маёй каляжанкай зрабілі ініцыятыву "Больш цела" ўжо два з паловай месяцы таму. Гэта не было прама грунтоўнае рашэнне, мы проста селі і падумалі:"А давай створым ініцыятыву?" "Давай!" Я вельмі моцна хацела прасоўваць тэму бодзіпазітыва, а ў ініцыятыве гэта рабіць прасцей.

Да гэтага я вучылася на канцэнтрацыі гендэрных даследванняў у ECLAB, і ў якасці выніковай працы па адным з курсаў трэба было зрабіць пэўны праект. Там вельмі вольнае выяўленне сябе, і можна пісаць не тое, што кажуць, а рабіць праекты, перфомансы, даследванні, эсэ. І я выбрала зрабіць даследванне пра тое, як беларускія дзяўчаты ставяцца да свайго цела. Па выніках было зразумела, што ўсё гамон, усё вельмі дрэнна. У даследванні прыняло ўдзел каля 46 жанчын, і нават з гэтай невялікай выбаркі было зразумела, што ёсць вялікія праблемы з прыняццем свайго цела.

Пасля ездзілі з канцэнтрацыяй ECLAB у Бабруйск прэзентаваць нашыя працы, і тады я вырашыла больш размаўляць пра бодзіпазітыў. Спачатку рабіла прэзентацыі даследвання, але не прэзентавала кожнае пытанне, хутчэй яны станавіліся нагодай для размовы, напрыклад, ці павінны дзяўчыны галіць валоссе на целе. Я паказваю вынікі даследвання, і мы размаўляем, як аўдыторыя да гэтага ставіцца. То бок я не праводжу лекцыі, а праз дыскусіі даводжу ідэі бодзіпазітыва.

А саму ініцыятыву мы стварылі, калі я ўжо паўгады рабіла падобныя івэнты. І вось ад гэтай ініцыятывы рабілі наступныя івэнты, летнік, розныя сустрэчы.
Летнік
Мэтай летніка было пашырыць разуменне беларускіх дзяўчат пра сваё цела і прыняцце сябе, пашырыць думку, што ты можаш выглядаць, як хочаш. І мне здаецца, што мы дасягнулі гэтай мэты, нам удалося стварыць атмасферу сястрынства, падтрымкі, калі дзяўчаты не баяліся выказвацца, задаваць пытанні, паказацца дурнымi. Часта думаеш: "Вось напэўна толькі ў мяне такая праблема і толькі я з гэтым сутыкаюся". Але калі пачынаеш казаць, апынаецца, што гэта ёсць і ў астатніх. Дзяўчаты змаглі адчуць атмасферу жаночай падтрымкі, якой нам часта не хапае.

Думка пра летнік мне прыйшла яшчэ мінулай восенню-зімой. Тады я падумала, што было б прышпільна стварыць свой лагер, а потым сумнявалася. Мне здавалася, што гэта будзе складана рэалізаваць. Потым пачала займацца ўжо больш вузкай тэмай, не проста фемінізмам, а сфакусафалася на тэме бодзіпазітыву, разладу харчовых паводзінаў і вырашыла: "Усё, трэба рабіць летнік! Калі, як не зараз?"

Я не кажу, што арганізавала летнік сама, я хутчэй яго ініцыявала, але арганізавалі мы камандай – нас было пяцёра дзяўчат. І ўвогуле, усе так ці інакш датычныя да летніку былі жанчыны: арганізоўвалі жанчыны, удзельнічалі жанчыны, эксперткі былі жанчыны, ахвяравалі грошы таксама жанчыны. У нас было мала часу на арганізацыю, трошкі больш за месяц, і гэтага сапраўды не хапае, калі ты робіш з нуля рэч, якой раней ніколі не было. Але справіліся, у нас не было ніякіх вялікіх касякоў: усе даехалі, усе былі накормленыя, усім было дзе спаць, дзе пачыліць, дзе правесці блокі праграмы, усе эксперткі даехалі. У нас нават гарачая вада была! (смяецца)

Рашэнне ў пользу толькі дзявочай аўдыторыі было з-за таго, што калі слухачкі толькі дзяўчыны, яны аб'яднаныя сваім полам, узростам, сацыяльным статусам, і тады ім прасцей выказвацца, яны адчуваюць сябе больш бяспечна, у іх няма магчымага асудження ці іншай рэакцыі з боку, напрыклад, мужчын. Рашэнне зрабіць летнік толькі для жанчын было правільным, самі ўдзельніцы пасля казалі, што ўсё было вельмі крута.

Гэта таксама пра жаночую моц, таму што мы былі на прыродзе, і нам трэба было самім вогнішча распаліць, паставіць намёты. І гэта была спроба даказаць сабе, што жанчыны ўсё могуць самі. І не патрэбна "моцная мужчынская сіла", каб прынесці дровы і распаліць вогнішча – дзяўчаты ўсё могуць зрабіць.
Фота з летніка – Анастасія Нікіціна
Івэнты і фэтфобная рэклама
Ідэя івэнта "Хутчэй худней!" нарадзілася супер раптоўна: у траўні гэтага году ў маіх сторыз у інстаграме пачала з'яўляцца платная рэклама, накшталт "Хутка лета, а ты яшчэ не схуднела? Давай працаваць, падпісвайся!" І я пачала гэтую рэкламу скрыніць, а інстаграм з-за сваіх алгарытмаў пачаў паказваць яе яшчэ больш. Такім чынам, я назбірала каля трыццаці прыкладаў падобнай рэкламы. Я вырашыла, што пра гэта трэба паразмаўляць, і вось так з'явіўся івэнт. На ім мы абмяркоўваем гэтую рэкламу, што з ёй не так, як яна на нас уплывае, і выпрацоўваем парады на будучыню, якія могуць дапамагчы так ці інакш стаць на гэты шлях прыняцця свайго цела.

За гэтыя дзевяць месяцаў я праводзіла прыкладна адзін івэнт у месяц, таму што чыста фізічна складана ладзіць больш, калі ў цябе ёсць праца, іншыя праекты. Гэта былі розныя гарады: я была ў Наваполацку, у Пінску, у Магілёве, магчыма, ў наступным месяцы паеду ў Гродна. У Мінску я ладзіла івэнты толькі два разы. Колькасць людзей абмежаваная, я не беру больш за 20 чалавек, таму што так мне складаней працаваць і не вельмі цікава атрымоўваецца.
Важнасць праекта
Мне складана падзяляць час "да" «Больш цела» і "пасля", таму што я займаюся гэтай тэмай каля дзевяці месяцаў, і гэты праект, хутчэй, вынік маёй працы, новая ступенька ў развіцці тэмы. Канешне, для мяне гэта вельмі важна, гэта ж "детище", якое мы стварылі і стараемся развіваць. Увогуле, калі камунікую з дзяўчатамі, падчас івэнтаў, летніка, фестываляў, яны кажуць: "дзякуй, за тое, што вы робіце, што падымаеце гэтую тэму", "гэта вельмі важна", "я штосьці зразумела, штосьці ўсвядоміла, штосьці прымяніла ў сваім жыцці" – гэта вельмі каштоўна чуць, дзеля такога і трэба нешта рабіць.

Бодзіпазітыў – гэта важная тэма, і мне падаецца тут ёсць асабістая патрэба: праз тое, што я кажу пра гэтыя рэчы, я сама станаўлюся мацнейшай. Мабыць, эгаістычная мэта, але гэта здаровы эгаізм, без якога складана нечага дасягнуць.


Пра бодзіпазітыў
Бодзіпазітыў – гэта фемінісцкі рух, які ставіць сваёй мэтай змаганне за тое, каб людзі маглі выглядаць так, як ім хочацца, і каб людзі не перашкаджалі іншым выглядаць так, як хочуць яны. Бодзіпазітыў – гэта не толькі пра вагу і надвагу, гэта пра ўсе змены знешняга выгляду, у тым ліку змены ў выніку хваробы або траўмы (інваліднасць, шрамы пасля аперацыі) ці асабістага рашэння (татуіроўкі, пірсінг, колер валасоў і г.д.).
Прыняцце сябе
Я кажу на сваіх івэнтах, што дагэтуль не прыняла да канца сваё цела, але я зрабіла шмат вялікіх крокаў да гэтага. Я адчуваю, што мне нашмат прасцей стала жыць са сваім целам і любіць яго такім, якое яно ёсць, не звяртаць увагі на тое, што пра мяне думаюць.

Увогуле гэта доўгая праца. Адзін івэнт, нават мой, не дапаможа. Дзве гадзіны пасядзела, выйшла, і ўсё: "Я люблю сваё цела, у мяне ніколі не будзе з ім праблем" – такога не здарыцца. Івэнт можа стаць пунктам адліку, калі ты можаш паразмаўляць пра гэта, паразважаць, падыскутаваць з іншымі, зразумець, што ты не адн_а, што нешта не так і трэба змяняць свае адносіны з целам.
Уплыў грамадства на нас
Ёсць тры вялікія рупары, праз якія да нас даносіцца інфармацыя, як мы павінны выглядаць. Гэта СМІ, адукацыя і выхаванне. Таму ўсё, што мы назапашваем з таго, што чуем і бачым, вельмі моцна ўплывае на нашае стаўленне да сябе. На гэтых трох кітах будуецца і непрыняцце сябе. Ёсць бачанне "як трэба", бачанне ў люстэрку, што "я не так_ая", і неадпаведнасць двух вобразаў. Хтосьці сядае на дыету, хтосьці фарбуе валасы, ці пачынаюцца "броўкі-вейкі-пазногці", калі людзі трацяць грошы, толькі каб хоць трошку наблізіцца да эфемернага ідэалу, якога не існуе і які кожны год і кожны сезон змяняецца.

Што тычыцца адукацыі, гэта больш звязана з гендэрнымі стэрыатыпамі. Напрыклад, урокі труда: дзяўчаты шыюць і гатуюць, хлопчыкі – будуюць, не наадварот і не разам, і нельга выбіраць. Хаця я чытала, што ў Кодэксе аб адукацыі няма такога размежавання, там не напісана, хто чым павінен займацца, проста так склаўся лёс. Таксама немагчымасць выразіць сябе праз адзенне, таму што трэба насіць форму альбо справавы стыль адзення.

Увогуле адукацыя – гэта не толькі ў школе і ўніверсітэце, зараз яе можна атрымліваць паўсюль. У шырокім сэнсе адукацыя ўплывае на ўспрыманне сябе вельмі моцна, бо калі няправільна абраць рэсурс, можна шмат чаго наслухацца. І таксама яна можа ўплываць добра, калі адэкватныя людзі кажуць і паказваюць сваім прыкладам, як можна жыць па-іншаму.

Тое кам'юніці, ў якім мы жывем, пакуль вучымся, таксама фарміруе і адукоўвае, паказвае стэрэатыпы і праецыруе іх на размовах: "табе трэба схуднець", "табе трэба пераапрануцца" ці яшчэ нешта такое.

Таму нельга казаць, што ўсё, што мы робім са сваім целам – вынік толькі нашага рашэння, гэта не так. На нас вельмі моцна ўплывае ўсё, што мы бачым: рэклама, СМІ, што заўгодна. І казаць, што "Я хачу такія бровы проста таму, што яны мне падабаюцца" – не вельмі шчыра. Калі б усе не рабілі такія бровы, калі б не паўтаралася ў рэкламе, што гэта модна і крута, то магчыма і не з'явілася думкі нешта з імі рабіць. Гадоў дзесяць таму былі модныя вельмі тонкія бровы, потым раптоўна стала модна рабіць іх вельмі шырокімі, з упорам на натуральнасць, потым – фарбаваць, потым – рабіць татуаж, там цэлая гісторыя.

Агульнага рацэпту па прыняццю свайго цела няма: ва ўсіх сітуацыя розная. Ёсць практыкаванні, якія могуць дапамагчы так ці інакш, і для ўсіх яны спрацуюць па-рознаму. Трэба шукаць і падбіраць нешта менавіта для сябе.
Бодзіпазітыў у Беларусі
У Беларусі вельмі мала людзей кажа пра бодзіпазітыў. Я знаёма з адной блогеркай, але яна хутчэй сэксалагіня, прасоўвае думку, што сэкс пры надвазе – звычайная з'ява. А так мала хто пра гэта кажа. Мне здаецца, што ў Беларусі шмат хто хоча пра гэта паразмаўляць, але ці няма магчымасці, ці ў нас такія культурныя забабоны, што ты павінна сачыць за сабой і абмяркоўваць такія штукі толькі ў кулуарах ці на кухні. Пры тым не ўсе маюць акружэнне, у якім могуць паразмаўляць на тэмы, якія іх хвалююць.
Я лічу, што змены пачынаюцца заўсёды з сябе. Калі ты пачнеш змяняць сябе, потым змяняць сваё бліжэйшае акружэнне, то некаторыя людзі адваляцца, бо ім будзе незразумела, чаму ты так змяніла_ся, але на іх месца прыйдуць новыя людзі, якія будуць браць з цябе прыклад.

Думай глабальна – змяняй лакальна. Дзейнічаць трэба на месцах, а не адразу замахвацца на ўвесь сусвет.
23:51 / 25 верасня 2019 / Аліна Багдановіч
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.