Чаму памерла мая маці – І бацька, і маці мяне падтрымлівалі, усе хадзілі на судовыя працэсы. Мая маці была асноўным маторам змагання. Яна пастаянна спрабавала прыехаць у Мазыр, дзе я служыў, проста каб пабачыцца, а яе ніколі не пускалі на КПП, і ў выніку яна ехала ўсю ноч у Мазыр, усю ноч назад – і ўсё бессэнсоўна. Амаль кожныя выхадныя яна прыязджала, і гэта вельмі падкасіла яе здароўе.
Неўзабаве пасля майго вызвалення
яна памерла, у яе быў інсульт. І гэта было вельмі нечакана.
Што са мной здарылася пасля войска
– Калі выйшаў з войска ў красавіку 2009 года, я адразу пайшоў шукаць магчымасць вучыцца, падаваў заявы ва ўніверсітэты. Але ўсе ўніверсітэты мне адмовілі.
Тады міністэрства адукацыі Польшчы прапанавала мне працягнуць вучобу ў іх. У Варшаўскім універсітэце я здаў два курсы за адзін, такую хуткую экспрэс-праграму. Вучыўся там на факультэце журналістыкі і палітычных навук, спецыялізацыя «Піяр і медыямаркетынг». Потым два гады вучыўся ў Вашынгтоне – вывучаў міжнарожную камунікацыю.
Зараз я працую на «Радыё Свабода», а яшчэ працую ў адной міжнароднай арганізацыі аналітыкам. Я пабачыў, што нашмат больш карысці магу зрабіць не ў актывісцкай дзейнасці, а ў журналісцка-медыйнай. Актывізм у Беларусі – гэта вельмі кароткаэфектнае: каб у нас быць актывістам, трэба быць гатовым на працягу доўгіх гадоў біць у сцяну, разлічваючы, што праб'еш. А журналістыка і іншыя крэатыўныя сферы дапамагаюць знайсці нечаканае вырашэнне.
Часам я думаю, што, калі б мяне не адлічалі і не забіралі ў восйка, усё магло скласціся няправільна.