RADAvisual дзеліцца канспектамі па сторытэлінгу і дызайну
Мала таго што годна, дык яшчэ і бясплатна.
RADAvisual анлайн-школа візуальнага мастацтва для моладзевых актывістаў і актывістак, прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадскіх арганізацый і ініцыятыў. Першы набор школы прайшоў увосені 2021, а цяпер RADAvisual дзеліцца напрацоўкамі з усімі, хто зараз пашкадаваў, што прапусціў гэта.
Не толькі падручнік па візуальнаму мастацтву, але і яскравы прыклад.
Пра што ідзе гаворка?
Візуальнае мастацтва — гэта майстэрства дасягаць сваіх мэтаў праз карцінкі, тэксты і медыя. Асабліва яно прыдасца тым, хто заняты ў актывізме, асвеце, творчасці ці наўпрост жадае распавядаць ярка, сцісла і па-сучаснаму.

Сваёй экспертызай для школы дзяліліся маладыя эксперткі і эксперты з розных галін візуальнага мастацтва, у тым ліку сторытэлінгу, дызайну. Нечыя працы, магчыма, нават сустракаліся табе ў асабістай стужцы.
Зараз на старонцы ініцыятывы можна знайсці 8 канспектаў. Напрыклад, пра:
  • Фірмовы стыль. Як распрацаваць візуальны складнік брэнду?
  • Візуальны сторытэлінг: як генераваць ідэі і падтрымліваць тэкст правільна.
  • Email-рассылкі для НДА: як пісаць прывабныя лісты, якія будуць чытаць?
  • Як ствараць анімацыю ў Photoshop?
  • Сторыс у цэль: як захапіць чалавека за пару секунд?
  • Як зрабіць эфектную прэзентацыю, калі вы не дызайнер_ка?
Матэрыялы школы разлічаныя на тых, хто ўжо мае нейкі досвед у дызайне і сацыяльных сетках. Аднак каб проста пачытаць канспекты, хопіць агульнага разумення, што такое ЦА і капіпаст і як увогуле выглядае інфаграфіка. І, вядома, жадання вучыцца.

«Я вырашыла падаць заяўку на RADAvisual, бо курс цалкам адпавядаў майму запыту: «актывістка, але маляваць не ўмею і далёка не дызайнер, а пасты рабіць для сацсетак даводзіцца». Курс, як потым выкрылася, быў не толькі разумна складазены, але і сам матэрыял, камунікацыя са спікерамі апынуліся вельмі карыснымі. Радуюся, што атрымала такую магчымасць, і ўдзячная арганізатарам. Асобная падзяка Каці, праз яе, падаецца, гэта быў лепшы курс, што я прайшла за год, а прайшла я іх шмат»
Аліна Сельвясюк
Выпускніца першага набору школы
Хутка канспекты стануць двумоўнымі. А карысныя яны ўжо зараз.