Чаму не трэба баяцца, калі не ўдаецца стрымаць слёзы, і ці заўважаюць плач незнаёмцы, раскажуць гераіні гісторый, якім даводзілася плакаць у публічных месцах
СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
Вучоныя дакладна не ведаюць, чаму мы плачам, але пад ціскам эмоцый гэта можа здарыцца ў самы нязручны час і ў непрыдатным месцы. Чалавеку, у якога здалі нервы, можа быць усё роўна, хто бачыць яго/яе слёзы. А ці ўсё роўна вам? І ці павінны вы звяртаць на гэта ўвагу? Разбіраемся, як гэта здараецца звычайна.
Паўліна
У той момант мне не хацелася, каб уцяшалі і набліжаліся, бо людзі не зусім ведаюць, як рэагаваць. Але вельмі добра, калі чалавек можа паплакаць там, дзе яму хочацца і не стрымліваць сябе.
Я працавала на дзвюх працах, а яшчэ была сесія ды па курсавой выкладчыца пяць разоў ганяла перадрукоўваць работу (літаральна праз кропку). Рабілі рамонт у інтэрнаце, а да таго ж я захварэла. Была ўжо на мяжы, каб сарвацца. Зайшла ў метро, а мяне спыніў ахоўнік, каб праверыць заплечнік. Вось тут і прарвала мяне, шпурнула заплечнік, села і зарыдала.
Я не вельмі заўважала, ці хтосьці побач са мной. Але людзі такія добрыя, кінуліся супакойваць. У той момант мне не хацелася, каб уцяшалі і набліжаліся, бо людзі не зусім ведаюць, як рэагаваць. Але вельмі добра, калі чалавек можа паплакаць там, дзе яму хочацца і не стрымліваць сябе. Калі стрымліваш, горш становіцца. А са слязамі чалавек вызваляецца ад эмацыянальнага напружання. Паплакала — яно сыходзіць, усё становіцца прасцей.
Сафія
Вось калі б сядзела ў тралейбусе, плакала, а ніхто не чапаў, дык усё файна.
Паўтары гады я сустракалася з хлопцам, з якім мы былі ў любоўнай залежнасці. Скончыць такія стасункі, мякка кажучы, няпроста. Але ў нейкі момант мы нарэшце сказалі адзін аднаму, што больш так не можам і разышліся.
Я і слязы не пусціла тады, але сядзела ў тралейбусе і думала, што даеду дадому і праплачуся, як трэба. А да мяне падышла спадарыня і запыталася: «Вам кепска? У вас твар перакрыўлены». Я ёй нічога не адказала, але слёзы паліліся супраць волі.
Адчувала сябе так кепска, што было ўсё роўна, ці бачыць хтосьці мае слёзы, ці ёсць хтосьці побач. Вось калі б сядзела ў тралейбусе, плакала, а ніхто не чапаў, дык усё файна. А калі спрабуюць незнаёмыя людзі залезці ў душу і разабрацца — гэта непрыемна. Але сорамна мне дакладна не было.
Арына
Мне камфортна выказваць эмоцыі ў публічнай прасторы, таму што ўсім мінакам абыякава.
Плачу даволі часта, хутчэй праз стомленасць, пачуццё пакінутасці і бездапаможнасці. Часам праз разчараванасць, а часам — праз шчырыя эмоцыі, і тады я плачу і ўсміхаюся. На людзей звяртаю ўвагу зрэдку, але, бывае, падыходзяць і па-добраму пытаюцца, ці ўсё ў парадку.
Мне камфортна выказваць эмоцыі ў публічнай прасторы, таму што ўсім мінакам абыякава. Часам нават хочацца, каб звярнулі ўвагу і ўцешылі. Цяжэй плакаць з людзьмі, з якімі стасуюся, але не вельмі шмат. Напрыклад, стрымліваю сябе ў кіно. А вось з блізкімі можам і разам паплакаць. Трэба да гэтага адэкватна ставіцца.
Падсумуем, што нельга, а што можна рабіць, калі вы бачыце, што незнаёмы чалавек плача.
Можна
Гаварыць спакойна;
Прапанаваць дапамогу;
Знайсці і даць сурвэткі;
Запытацца, ці камфортна чалавеку з вамі;
Застацца, калі папросяць.
Нельга
Панікаваць і злавацца; Прасіць спыніць плач; Ціснуць пытаннямі пра імя і месца жыхарства; Прапанаваць схавацца ад людзей; Спрабаваць разабрацца ў справах чалавека без яго/яе жадання.