"Шмат маіх знаёмых эмігрантаў займаюцца з псіхіятрамі ці псіхолагамі, і, здаецца, гэта адзінае і самае вернае, што можа дапамагчы, калі ўсё дрэнна"
Адлічаная з БДЭУ актывістка і палітэмігрантка разважае сваю гісторыю эміграцыі і асабістыя спосабы даваць рады са складанымі сітуацыямі.
Эміграцыя – гэта цяжка. Палітэміграцыя – ўсё адно што страціць блізкага табе чалавека: губляецца адчуванне дома, і жыццё трэба будаваць нібы ад пачатку. Шмат людзей, якія эмігравалі з Беларусі пасля жнівеньскіх выбараў, пакутаюць ад псіхалагічных праблем і адзіноты. "Студэнцкая Думка" паразмаўляла з Ганнай Краўчэняй – адлічанай з БДЭУ актывісткай і палітэмігранткай, каб уведаць яе гісторыю эміграцыі і асабістыя спосабы даваць рады са складанымі сітуацыямі.
СД:
Распавядзі, што ты рабіла ў Беларусі і чаму з'ехала?
Ганна:
Я бы сказала, што была звычайнай неабыякавай студэнткай, якой не ўсё адно, што адбываецца ў краіне і якая будучыня чакае Беларусь. Вучылася ў БДЭУ, працавала, валантэрыла ў розных ініцыятывах, вяла актыўнае жыццё. У 20-ым годзе ўдзельнічала ва ўсіх нядзельных і не толькі маршах, студэнцкіх акцыях, ланцугах салідарнасці, брала ўдзел у арганізацыі акцый ва ўніверсітэце. У сакавіку мяне затрымалі і пасадзілі на 15 содняў, а пасля адлічылі з 3 курса. Пасля адсідкі працягвала рабіць усё, што было ў маіх сілах: разклеівала налепкі, малявала надпісы, шмат ліставала палітвязням, хадзіла на суды і ладзіла ананімныя акцыі падтрымкі. Але пад канец вясны пачало гачуць шмат "трывожных званочкаў": у краіне адбываліся масавыя рэпрэсіі, амаль усе з маіх знаёмых студэнцкіх актывістаў або ўжо былі за мяжой, або збіраліся з'язджаць. Я зразумела, што заставацца ў Беларусі — што чакаць, калі прыйдуць і па мяне. Я з'ехала ў чэрвені. Спачатку паехала ва Львоў, потым на некалькі месяцаў затрымалася ў Кіеве. Спачатку мне было даволі лёгка. Па-першае, было пачуццё, што я вырвалася з канцлагера, што нарэшце магу свабодна дыхаць і спакойна спаць, адкрыта казаць і рабіць тое, што хочацца. Прайшла мая параноя, панічныя атакі, кашмары пра турму і затрыманне. Я нарэшце магла засынаць спакойна і не пераправяраць па сто разоў, ці ўсе дзверы я зачыніла. Па-другое, у мяне яшчэ не было разумення, што я з'ехала на невядомы і доўгі час. Было адчуванне, бы я проста паехала на вакацыі і хутка павяртаюся дадому.
СД:
Ці былі ў цябе кантакты і падтрымка ў новай краіне?
Ганна:
Так, я лічу, што ў гэтым пляне мне ВЕЛЬМІ пашанцавала. Лепшае, што падарыла мне эміграцыя, – знаёмства з маім каханым. Ён таксама палітэмігрант, мы пазнаёміліся ў Кіеве і ўвосені там жа распісаліся. Апроч таго, калі я з'ехала, у Кіеве жылі шмат студэнцкіх актывістаў — з кімсьці я была даўно знаёмая, з кімьсьці пазнаёмілася ўжо там. Гэтыя знаёмствы сталі для мяне вялікай падтрымкай, дапамаглі адчуць, што я не адна. А ў жніўні ў Кіеў пераехала і мая блізкая сяброўка з універсітэта, гэта таксама зрабіла маю адаптацыю крыху прасцей. Плюс у першы ж дзень у Кіеве сябра дапамог мне знайсці працу, таму было на што адцянуць увагу ад сумных думак. Я шмат часу бавіла на працоўным месцы, і не столькі дзеля грошай, колькі дзеля таго, каб чымьсці заняць сябе.
СД:
Што ты адчувала адразу пасля пераезда?
Ганна:
Спачатку, калі яшчэ не прыйшло пачуццё рэальнасці і разуменне, што я зусім з'ехала і павяртаюся дамоў няхутка, я трымалася вельмі бадзёра. З часам, калі пачала абвыкаць у новых абставінах, стала няпроста. З надыходам восені пачаўся супернялёгкі ў маральным плане перыяд: не было дзе жыць, я не ведала, дзе буду праз месяц, чым буду займацца, калі пачнецца навучанне (падалася на "Праграму Каліноўскага"), заставацца мне ў Кіеве ці ехаць у Польшчу. І ўвогуле стан быў вельмі "падвешаны" і нявызначаны. А невядомасць у такіх сітуацыях наўпрост забівае. Да таго ж у мяне пачаўся шалёны сум па сям'і, дому, Беларусі ўвогуле. У мяне вельмі цесная сувязь з бацькамі, і разуменне, што пабачуся з імі яшчэ няхутка, вельмі "дызмараліла". Днямі і начамі я была ў падаўленым стане, ні ад чаго не атрымлівала задавальнення і ні ў чым не бачыла сэнсу. З часам усё прайшло, цяпер у мяне ёсць занятак, ёсць дзе жыць, ёсць планы на будучыню, ёсць каханы побач і надзея, што ўсё абавязкова будзе добра!
СД:
Як цябе змяніла эміграцыя?
Ганна:
Мае амаль паўгады эміграцыі, дарэчы, праляцелі вельмі хутка. Хаця разам з тым ёсць і адчуванне, нібы прайшло цэлае жыццё. Я адназначна стала самастойней, стрэсаўстойлівей і сталей, навучылася выпутвацца з розных сітуацый, цалкам самой будаваць сваё жыццё і прымаць важныя рашэнні. Шчыра кажучы, паміж мной год-паўтары таму і цяпер, здаецца, розніца гадоў у 5, калі не ў 10.
СД: Чым займаешся зараз?

Ганна: Цяпер у мяне ўсё больш-менш устаканілася: я вучуся на курсах польскай мовы ад "Праграмы Каліноўскага", жыву ў Польшчы і планую тут паступаць, з'ехацца з мужам і завесці ката. Таксама працягваю рабіць усё, што ад мяне залежыць і на што хапае рэсурсаў.
СД:
Ці вернешся ў Беларусь пасля?
Ганна:
Павяртацца ў свабодную Беларусь і жыць у любімым Менску – мая найвялікшая мара. Але мне пакуль не хочацца загадваць, планаваць, марыць, бо чым менш чакаеш, тым менш потым расчароўваешся. Мне складана ўявіць, дзе я буду праз некалькі год і якім будзе маё жыццё. Але калі ў Беларусі не адбудзецца сапраўднай рэвалюцыі, павяртацца мы з мужам не зможам.
Што можаш параіць таму, хто трапіў я складаную сітуацыю падчас эміграцыі?
Я разумею, што банальныя фразы тыпу "усё будзе добра", "трымайся" і г. д. не працуюць. Адзінае, што магу параіць, нават заклікаць: калі адчуваеце, што не вывозіце, што вам складана, што ваш псіхічны стан не ў парадку – звяртайцеся да спецыяліста. Шмат маіх знаёмых эмігрантаў займаюцца з псіхіятрамі ці псіхолагамі, і, здаецца, гэта адзінае і самае вернае, што можа дапамагчы, калі ўсё дрэнна. Увогуле, любая эміграцыя — гэта вялізны стрэс, а вымушаная палітычная тым больш. Таму лічу, што, нават калі ўсё праходзіць без вялікіх псіхалагічных праблем, звярнуцца да псіхолага эмігранту не перашкодзіць.