10 фактаў
пра правы чалавека

СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА
10 снежня – міжнародны дзень правоў чалавека.
Што гэта такое і чаму гэта важна? Студэнцкая думка сабрала для вас 10 фактаў пра правы чалавека.
Гістарычны факт
10 снежня 1948 Генеральная АсамблеяйААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека – першы дакумент, у якім замацавалі гэтыя правы. Дэкларацыю падпісалі ўсе краіны-чальцы ААН, то бок і Беларусь таксама. Цяпер у гэту дату адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека.
Тлумачальны
На сайце ААН у Беларусі можна знайсці наступнае: "Правы чалавека – гэта правы кожнага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнасці, месца жыхарства, полу, этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, рэлігіі, мовы ці любых іншых прыкмет. Гэтыя правы ўзаемазвязаныя, узаемазалежныя і непадзельныя". Пералік правоў чалавека знойдзеш ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Пакце пра грамадзянска-палітычныя правы і Пакце пра сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы. Аднак варта памятаць, што колькасць правоў могуць павялічваць.
Філасофскі факт
Праваабаронцы лічаць, што равы чалавека выходзяць з чалавечай годнасці. Кожны чалавек валодае годнасцю і патрабуе да сябе годных адносінаў.
Канцэптуальны факт
Першапачаткова ў канцэпцыі правоў чалавека была мэта абараніць чалавека ад дзяржавы. Дзяржава валодае манаполіяй на сілу і прымус. Суды, міліцыя, міністэрствы і выканкамы, турмы, армія – гэтыя структуры прадстаўляюць дзяржаву, могуць у значнай ступені ўплываць на жыццё грамадства і асобнага чалавека.

Правы чалавека існуюць, каб абараніць чалавека ад учынкаў прадстаўнікоў ці прадстаўніц дзяржавы, якія парушаюць чалавечую годнасць: катаванні ў турмах, адсутнасць справядлівага суда, дыскрымінацыя. Такое разуменне правоў чалавека называецца "вертыкальным падыходам".

Аднак у апошні час набывае распаўсюд "гарызантальны падыход" – гэта пра паважлівае ўзаемадзеянне паміж людзьмі. Гарызантальны падыход кажа, што праз асвету і дзейнасць грамадзянскай супольнасці трэба ўплываць на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека не толькі ў адносінах дзяржава-чалавек, але і ў стасунках чалавека з чалавекам.

Калі ты наведваеш мерапрыемствы, дзе кажуць пра недыскрымінацыю, правы чалавека і талерантнасць, хутчэй за ўсё, ты якраз бачыш рэалізацыю "гарызантальнага падыходу".
Прававы факт
Правы чалавека звычайна замацаваныя ў Канстытуцыі краіны. Пасля Усеагульнай дэкларацыі прынялі яшчэ асобныя пакты і канвенцыі, дзе канкрэтызавалі і замацавалі асобныя правы. Калі дзяржава падпісала пакт ці канвенцыю, наступны крок – імплементацыя правоў з гэтых дакументаў у нацыянальнае заканадаўства.

Прыклад: калі Беларусь падпісала Канвенцыю супраць катаванняў, яна прапісвае гарантыі гэтага права ў Канстытуцыі і, далей, у законах. Навошта гэта ведаць? Гэта дае магчымасць звяртацца ў міжнародныя органы, калі ў сваёй краіне ты ніяк абараніць свае правы ўжо не можаш.
Праваабарончы факт
Калі пасля пятага пункта ў цябе застаўся толькі шум у галаве, гэты факт для цябе. Абаронай правоў чалавека займаюцца праваабаронцы. І не, гэта далёка не абавязкова юрысты! Праваабаронай можа займацца кожны чалавек, незалежна ад спецыяльнасці.

Назіранне за выбарамі, судамі, масавымі акцыямі, кампанія супраць смяротнага пакарання, дапамога бежанцам з Чачні ў Брэсце, кансультацыі ў выпадку парушэння правоў чалавека – усім гэтым займаецца беларуская праваабарончая супольнасць. Там жа можна знайсці экспертныя веды і дапамогу, калі твае правы парушаюцца.

Сярод беларускіх праваабарончых арганізацый можна назваць Беларускі Хельсінскі Камітэт, Праваабарончы цэнтр "Вясна", Human Constanta і іншыя. Можна знайсці яшчэ больш. Усе яны займаюцца сваёй тэматыкай і займаюць розныя нішы, аднак хутчэй за ўсё ў Беларусі ты знойдзеш, да каго звярнуцца па дапамогу.
Грамадска-арганізацыйны факт
У нейкай ступені ўсе мы займаемся правамі чалавека. Вось прыклад. Кожная грамадская арганізацыя ці ініцыятыва займаецца вельмі рознымі рэчамі: правамі студэнцтва, экалогіяй, пытаннямі гендара і сэксуальнасці, папулярызацыяй беларускай культуры.

Аднак праблемы, якія вырашаюць абсалютна розныя арганізацыі, вельмі часта звязаныя з парушэннем правоў чалавека: права на адукацыю, культурныя правы, адсутнасць дыскрымінацыі. Не кажучы пра тое, што без права на мірныя сходы ці свабоду асацыяцый, грамадскія арганізацыі мелі б вельмі мала сродкаў, каб паўплываць на нешта.
Непалітычны факт
Важны акцэнт: праваабарона не з'яўляецца палітычнай дзейнасцю. Мэта: абараніць чалавека незалежна ў тым ліку ад яго поглядаў. Ёсць стэрэатып, што праваабаронцы проста хочуць перашкаджаць уладзе. Гэта не так. Праваабаронцы абараняюць чалавека.
Практычны факт
Пасля ўсёй гэтай інфармацыі можна задаць пытанне: "А мне навошта гэта трэба?" Дык вось тут і адказ. Гэта трэба кожнаму чалавеку, каб разумець сваю вартасць, ведаць, як абараніць сябе і сваіх блізкіх, бо, нажаль, ніхто з нас не ведае, дзе мы можам апынуцца заўтра і калі нам можа спатрэбіцца дапамога.
Студэнцкі факт
Чаму гэта трэба, мы разабраліся. А чым жа гэта можа дапамагчы ў студэнцкія часы? Студэнт таксама чалавек, таму калі ты ведаеш свае правы і можаш сябе абараніць, твае гады ва ўніверсітэце зробяцца вольнымі ад страха і пастаянных прымусаў. Як? Прымушаюць галасаваць датэрмінова – правапарушэнне. Смела даказвай куратару, выхавацельцы ці каму заўгодна яшчэ і абыходзь выбарчы ўчастак, калі не хочаш галасаваць. Просяць кудысьці схадзіць ці не выпускаюць з БРСМ – парушэнне. Аргументуй і ідзі ўжо, нарэшце, куды хочаш, далучайся да любой арганізацыі. Плануюць адлічыць за грамадскую актыўнасць – ну тут усё зразумела, парушэнне права на адукацыю, апублічвай інфу і спакойна здавай сесію.
Ведаючы гэта, не бойся і не вядзіся на чыюсьці хлусню ці неабгрунтаваную самаўпэўненасць. Кожны чалавек мае роўныя правы, таму барані свае і дапамагай іншым. Правы чалавека – не панацэя. Аднак гэта тое, што дазваляе нам жыць у трошкі больш годных умовах.
16:52 / 10 снежня 2019 / Ксенія Сырамалот
Падпісвайся на нашу старонку Укантакце. Мы стараемся!
Перадрук матэрыялаў магчымы
толькі з актыўнай спасылкай на арыгінал публікацыі.
Дэталі тут
.